На БелАЗе сканструявалі беспілотны самазвал
Беларускі аўтагігант БелАЗ гатовы да вытворчасці беспілотных самазвалаў. Першы кар'ерны самазвал-робат грузападымальнасцю ў 130 тон практычна гатовы і хутка выедзе ў свет. Арыентавацца ў прасторы машыне дапамагае расійская сістэма ГЛОНАСС.
Пра гэта ў інтэрв'ю РІА "Навіны" распавёў амбасадар Беларусі ў Расіі Ігар Петрышэнка.
"Аўтамабіль можа перамяшчацца самастойна, без удзелу кіроўцы. У яго новы дызайн і прынцыпова іншая канцэпцыя. Рух самазвала да месца пагрузкі або разгрузкі будзе адбывацца ў цалкам аўтаматычным рэжыме дзякуючы наяўнасці высокадакладнай сістэмы вызначэння месца GPS/Глонасс, — паведаміў дэталі дыпламат. — Оптыка-электронная сістэма дазваляе машыне працаваць у любы час сутак і пры любых умовах надвор'я. Новы самазвал дапаможа мінімізаваць рызыкі для чалавека ў месцах са складанымі і неспрыяльнымі ўмовамі".