Намеснік міністра распавёў пра "пажар на БелАЭС", пра які паведамляла Літва
Намеснік міністра энергетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк пракаментаваў даклад дзяржбяспекі Літвы пра сітуацыю на Беларускай АЭС. У прыватнасці, у ім згадвалася пра пажар у чэрвені 2019-га ў першым блоку станцыі каля рэактара, выкліканы халатнай дзейнасцю рабочых. Беларускі бок яго замаўчаў, заявілі літоўцы.
У інтэрв'ю sb.by Міхадзюк прыгадаў гэтае здарэнне, але яно насамрэч адбылося ў траўні мінулага года. Гэта быў пешаходна-кабельны тунэль, у якім фарбавалі сцены і столь. Рабочы закурыў побач з вядром з фарбай. Яна загарэлася, памяшканне зацягнула дымам. Але ўзгаранне ліквідавалі з дапамогай вогнетушыцеля. Рабочага і майстра звольнілі, кажа намеснік міністра энергетыкі.
Ні абсталяванне, не будаўнічыя канструкцыі пашкоджаны не былі. У адваротным выпадку грамадскасць праінфармавалі б пра здарэнне, запэўнівае Міхаіл Міхадзюк. "Ніякай пагрозы для будынка рэактара і тэхналагічных сістэм не было", — падкрэсліў ён.
Намеснік міністра кажа, што па рэгламенце паведамляць пра такое здарэнне беларускі бок не павінен быў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.