На будаўніцтве Беларускай АЭС асвоена каля 15% фінансавання
Гэта складае 1 млрд 290 млн долараў.
На будаўніцтве Беларускай АЭС асвоена каля 15% фінансавання па праекце. Пра гэта 11 сакавіка распавёў намеснік гендырэктара, начальнік упраўлення капітальнага будаўніцтва РУП "Беларуская АЭС" Андрэй Баркун.
"У грашовым выяўленні з пачатку будаўніцтва выкананне склала каля 15% ад агульнага аб'ёму па праекце, або 1,29 млрд долараў", — перадае БЕЛТА яго словы.
Як паведамлялася раней, агульны кошт Беларускай АЭС не павінен перавысіць 11 млрд долараў. Крэдыт на будаўніцтва АЭС выдаў урад Расіі. Крэдыт павінен пакрыць 90% усіх работ па будаўніцтве станцыі.
Разам з тым Баркун прызнаў, што дэвальвацыя расійскага рубля можа адбіцца на будаўніцтве АЭС. Па яго словах, праблемы ўзніклі з расійскім падрадчыкам. "У яго ў сувязі з новай эканамічнай сітуацыяй разлікі па прыбытку і рэнтабельнасці ўжо не дзейнічаюць. Той, хто выйграў тэндэр на пастаўку абсталявання, кажа, што па такім кошце паставіць яго не зможа. Каб не шукаць новага падрадчыка, не зрываць тэрміны будаўніцтва, мы будзем вырашаць гэтае пытанне", — перадае Soyuz.by словы намесніка гендырэктара.
Журналісты папрасілі ўдакладніць, наколькі вырасце кошт будаўніцтва станцыі. На гэта Баркун адказаў, што кошт кантракту разлічаны ў доларах, а кошт працаў і паставак абсталявання вызначаецца ў расійскіх рублях. І прапанаваў журналістам самім зрабіць высновы.
Фота — ctv.by