На Дзятлаўшчыне школе прысвоілі імя маршала, які не мае дачынення да Беларусі
Былая ракетная база ў Гезгалах
Гезгалаўскай сярэдняй школе на Дзятлаўшчыне (Гродзенская вобласць) прысвоілі імя савецкага маршала Мітрафана Нядзеліна (1902 — 1960), які не мае дачынення да Беларусі. Нядзелін — ураджэнец Расіі. Ён быў першым галоўнакамандуючым ракетнымі войскамі СССР. Загінуў на Байкануры падчас выпрабавання ракеты. У Другую сусветную вайну ў Беларусі не ваяваў.
Раённая газета супярэчліва піша пра падзею. У загалоўку паведамляецца, што імя маршала школе ўжо прысвоена, а ў тэксце — што праца аб прысваенні толькі пачалася. Высвятляецца, што згаданая навучальная ўстанова рэалізуе праект "Ракетныя войскі — Гезгалаўская зямля". У савецкія часы існавала Гезгалаўская ракетная база. Гэта адзінае, што ўяўна звязвае Дзятлаўшчыну з галоўнакамандуючым ракетным войскамі.
У школе лічаць, што "прысваенне імя М. І. Нядзеліна Гезгалаўскай сярэдняй школе спрыяе не толькі ўвекавечанню памяці і фарміраванню патрыятычных поглядаў і перакананняў дзяцей і моладзі, але і служыць станоўчым прыкладам патрыятызму, эталонам духоўнага росту і любові да Радзімы".
Атрымліваецца, што мясцовых знакамітых людзей педагогі праігнаравалі. Гэтай восенню гімназіі №2 у Мінску надалі імя касманаўта Алега Навіцкага. Ён не мае дачынення да навучальнай установы, але хаця б нарадзіўся ў Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.