На лайне не зарабіць. Чаму продаж каналізацыі ў Пінску прафанацыя
Грошы не пахнуць, але далёка не кожная каналізацыя можа прынесці прыбытак
На дзяржпляцоўцы анлайн-таргоў “Белюрзабеспячэння”, дзе звычайна прадаюць ці арэндуюць маёмасць, можна знайсці што душы заўгодна: ад канфіскаванага аўтамабіля і да арыштаванага за даўгі жылога дома. Але прадказальнасць асартыменту там даволі ўмоўная — трапляюцца і цалкам нечаканыя лоты. Вось нядаўна з’явіліся таргі па выкупе каналізацыйнай сеткі жылога дома.
Еўрарадыё высветліла лёс аб’екта і даведалася, ці магчыма на ім зарабіць, выкупіўшы каналізацыю ва ўласнасць.
Інвестыцыя без сэнсу
Арганізатары таргоў даюць скупую інфармацыю пра аб’ект.
Сама каналізацыя знаходзіцца ў Пінску і належыць cпажывецкаму жыллёваму кааператыву "Чарняхоўская 34". Патэнцыйнага пакупніка чакаюць 96,5 метраў труб і судовае абцяжаранне — на маёмасць накладзены судовы арышт з забаронай рэгістрацыйных дзеянняў. Пры гэтым пачатковы кошт у аб’екта даволі нізкі – 220 рублёў ці 68 долараў у пераліку.
Які драматычны лёс напаткаў каналізацыю і ў якім стане яна знаходзіцца, Еўрарадыё расказалі супрацоўнікі пінскага ЖРЭУ.
Высветлілася, што кааператыў пабудаваў каналізацыю сумесна з жылым домам і да нядаўняга часу самастойна яе абслугоўваў. Цяпер камунальныя паслугі кааператыву пачало аказваць Пінскае ЖРЭУ.
“Іх [каналізацыйная сетка] зробленая не зусім правільна. Плюс жыхары яе часта засмечваюць і вызываюць аварыйную машыну, каб прачышчаць засоры”, — расказалі суразмоўцы.
Паколькі за паслугі кааператыў не плаціў, назапасілася вялікая сума даўгоў прыкладна ў 2 тысячы рублёў — і пінскі “Водаканал” падаў у суд. Па выніку каналізацыю арыштавалі, але жыхары працягваюць ёй карыстацца.
Праўда, калі б каналізацыя не эксплуатавалася і была цалкам закінутая, сэнс у яе выкупе ўсё ж мог бы быць.
“У тэорыі, выкупіўшы яе, можна прэтэндаваць на зямельны ўчастак, на якім каналізацыя знаходзіцца. А зямлю ўжо можна перапрадаць, здаць у арэнду ці нешта на ёй пабудаваць. То-бок нейкую выгаду з гэтага можна атрымаць, але варта загадзя дамовіцца з тымі, хто адказвае за гэтую зямлю. Звычайна гэта мясцовыя чыноўнікі: сельсаветы ці выканкамы. Але дакладна не ў дадзеным выпадку”.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.