На матчы ў “Мінск-Арэне” шайбай моцна паранены глядач
Здарэнне адбылося падчас гульні Латвія—Казахстан. Латвійскі хакеіст выкінуў шайбу на трыбуны, выпадковы заўзятар чацвёрты дзень у шпіталі.
“Ніхто з нас пяцярых нават не бачыў, куды ляцела шайба, як яна да нас трапіла. Адкуль яна адрыкашэціла. Ужо потым нам сказалі, што шайба спачатку ўдарылася аб шкло, а потым прыляцела нашаму сябру ў галаву”, — расказвае Еўрарадыё сяброўка пацярпелага Наталля.
Шайба вылятае на трыбуны напрыканцы напружанай гульні вечарам 13 траўня. Латвія выйграе ў Казахстана ўсяго адзін гол, гледачы захопленыя матчам, і таму на няшчасны выпадак мала хто звяртае ўвагу. Акрамя Яна (так завуць пацярпелага) і яго сяброў. Заўважыўшы кроў, яны дапамагаюць Яну дайсці да медпункта “Мінск-Арэны”, дзе хлопцу аказваюць першую дапамогу і выклікаюць хуткую. Наталля гаворыць, што перад тым як зрабіць гэта, супрацоўнікі медпункта разам з прадстаўнікамі адміністрацыі арэны доўга запаўняюць нейкія паперы. А на развітанне аддаюць Яну… шайбу. А яшчэ настойліва просяць “не раздуваць скандалу”.
У “Мінск-Арэне” інцыдэнт пацвярджаюць, але не больш. Маўляў, шайбы насамрэч часам вылятаюць на трыбуны выпадкова, часам хакеісты наўмысна іх выкідваюць. Аднак сур’ёзных наступстваў для гледачоў гэта, як правіла, не мае. У Мінспорту на пытанне Еўрарадыё аб магчымай кампенсацыі пацярпеламу заўзятару гавораць, што хакей — гэта спорт. А значыць, элемент рызыкі прысутнічае.
“І ў любой іншай сітуацыі мы разлічваем на лепшае і на гэта спадзяемся. Аднак можа адбыцца ўсё што заўгодна. А тут… Ну што значыць не была забяспечаная бяспека? Гэта спартыўнае мерапрыемства. У якім элемент рызыкі ўсё адно прысутнічае”.
З “Мінск-Арэны” “хуткая” адвозіць параненага шайбай заўзятара ў адну са сталічных бальніц. Пасля кароткага агляду дактары вырашаюць пакінуць хлопца ў сябе — падазраюць пераломы костак чэрапа ў двух месцах. Сяброўка Яна Наталля расказвае Еўрарадыё, што медыкі дагэтуль не ведаюць дакладна, што з яе сябрам.
“Учора вечарам мы сазвоньваліся. І дактары нам паведамілі, што ёсць нейкія нядобрыя навіны… Але яны пакуль нічога канкрэтнага не гавораць. МРТ перанеслі з учарашняга дня на сёння. Мяркуюць, што давядзецца рабіць аперацыю”.
Як толькі медыкі змогуць паставіць дакладны дыягназ, блізкія Яна вырашаць, ці будуць патрабаваць кампенсацыі за непрыемнае здарэнне.