Маці Цыняўскага: Прасіла сына здацца, а ён рэзаў сабе вены
Маці абвінавачанага сёння дапыталі ў судзе. Яна распавяла, як яны пазбаўляліся ад цела і хаваліся ў лесе.
23 студзеня аднавіўся суд над абвінавачванымі ў жорсткім забойстве 18-гадовай Юліі Саламацінай Паўлам Цыняўскім і яго маці Галінай. Апошняя пагадзілася даваць паказанні ў судзе. Чытае іх з паперкі праз слёзы.
"Калі я прыехала да дому і ўбачыла труп дзяўчыны, мне стала дрэнна. Я закрычала, хацела вызваць міліцыю. Не ведаю чаму не зрабіла гэта", — сказала Галіна Цыняўская. Яна распавяла, што было далей: "Сын рэзаў труп балгаркай. Я варыла часткі цела на пліце, перакручвала іх на мясарубцы і злівала ва унітаз. Я не ведаю чаму гэта рабіла...".
Жанчына ў цэлым пацвярджае паказанні свайго сына. Несупадзенняў пакуль няма. Яе дапытвае пракурор. Галіна кажа, што раней не заўважала агрэсіі з боку свайго сына.
Галіна Цыняўская працягвае даваць паказанні ў судзе. Яна расказвае, як даведалася ад сына пра смерць Юліі Саламацінай.
"Ён сказаў мне, што ўсё гэта выпадкова. Што штурхнуў дзяўчыну, яна ўдарылася і памерла. Што выпадкова усё здарылася. У тым, што задушыў дзяўчыну сын прызнаўся толькі ў лесе. Я хацела вызваць міліцыю адразу, калі ўбачыла труп у кватэры. Узялася за трубку і пачала тэлефанаваць. Тады сын схапіў нож і пачаў рэзаць сабе вены. Я кінула слухаўку, пачала забіраць у яго нож. Пасля сын сказаў, што трэба пазбавіцца ад трупа, папрасіў прынесці яму балгарку. Я прынесла. Больш у пакой з трупам не заходзіла, мяне ванітавала".
Маці абвінавачанага расказвае, што адбывалася ў лесе, дзе яны хаваліся:
"Мы купілі на Ждановічах палатку, спальнікі і прадукты. Селі ў электрычку на станцыі Лябяжы і паехалі ў Маладзечна. Па дарозе выйшлі, жылі ў лесе. Я ўвесь час прасіла Паўла здацца. Ён не хацеў. У лесе чытала Псалтыр, узяла з сабой. У лесе я страціла пачуццё часу. Потым Павел расказаў, што задушыў дзяўчыну і пагадзіўся пайсці ў міліцыю, пасля таго, як развітаемся з роднымі ў Бягомлі. Я не ведаю, што б зрабіла, каб Павел адразу ў кватэры расказаў мне, што наўмысна задушыў Юлю. Не ведаю, ці адмовілася б яму дапамагаць. Ён не хацеў здавацца, я пастаянна прасіла яго аб гэтым".
У судзе перапынак. Допыт маці Паўла Цянўскага скончаны. Яе дапытваў адвакат пацярпелага боку. Маці Юліі Саламацінай таксама задавала пытанні. Яна спытала, навошта Галіна Цыняўская дапамагала сыну пазбавіцца ад цела, варыла ўнутранасці і злівала іх ва ўнітаз. Абвінавачаная не змагла адказаць. Сказала, што не ведае. На пытанне ці змагла б яна зрабіць такое са сваім сынам, адказала, што ніколі не змагла б.
Нагадаем, працэс пачаўся ў чацвер, 22 студзеня, у судзе Фрунзенскага раёна Мінска. Ураджэнка Смалявіцкага раёна Юлія Саламаціна жыла і працавала ў сталіцы, збіралася паступаць ва ўніверсітэт. 18 ліпеня мінулага года яна паехала на сустрэчу з хлопцам, з якім пазнаёмілася ў сацсетках, і знікла. Як было высветлена, 26-гадовы мінчук падчас сваркі задушыў дзяўчыну рамянём. З дапамогай маці ён схаваў яе цела ў лесе ў рысе горада. Падчас агляду кватэры абвінавачанага былі знойдзеныя рэчавыя доказы ўчыненага злачынства.
Учора Цыняўскія цалкам прызналі сваю віну. Павел адмовіўся даваць паказанні, таму зачыталі паказанні, дадзеныя ім падчас следства.
Забойца Юліі Саламацінай і яго маці цалкам прызналі сваю віну (онлайн)
Падрабязнасці жорсткага забойства Юліі Саламацінай
Фота — Еўрарадыё, kp.by