Нацбанк адмяніў абмежаванні па мэтавай пакупцы валюты юрыдычнымі асобамі і ІП
Нацыянальны банк Беларусі адмяніў абмежаванні па мэтавай пакупцы валюты юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі. Адпаведная норма ўтрымліваецца ў пастанове праўлення Нацбанка ад 28 снежня 2017 года, яна пачне дзейнічаць праз тры месяцы пасля афіцыйнага апублікавання.
У Беларусі будзе ўстаноўлены аднолькавы парадак правядзення валютна-абменных аперацый, якія праводзяцца юрасобамі і ІП на ўнутраным валютным рынку. Яны змогуць купляць валюту па неабходнасці, якую вызначаць самастойна. Не будзе і нейкіх тэрмінаў, у якія гэтую набытую валюту трэба выкарыстаць. Аднак і юрыдычныя асобы, і індывідуальныя прадпрымальнікі будуць абавязаныя пазначаць код накіравання выкарыстання валюты. Нацбанк адзначае, што гэта патрэбна выключна для статыстыкі.
Адзначаецца, што гэтае рашэнне прынятае “ў межах правядзення мерапрыемстваў па паэтапнай лібералізацыі валютных адносін”. Мяркуецца, што яно забяспечыць большую свабоду прадпрымальніцкай дзейнасці.
Мэтавая пакупка замежнай валюты прадпрымальнікамі і прадпрыемствамі існуе ў Беларусі з 1990-х гадоў.