Начальнік Акрэсціна маёр Шапяцько аб'яўлены ў міжнародны вышук
Акрэсціна ў 2020 годзе
Начальнік цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Мінгарвыканкама (Акрэсціна) маёр Яўген Шапяцько аб'яўлены ў міжнародны вышук. А разам з ім і іншыя сілавікі: намеснік начальніка Акрэсціна маёр Глеб Дрыль, начальнік турмы № 8 у Жодзіне палкоўнік Дзмітрый Страбкоў, прапаршчык міліцыі, мінскі амапавец Яўген Савіч, старшы лейтэнант з мінскай міліцыі Юлія Сакалова, прапаршчык міліцыі Карына Валуйская з патрульна-паставой службы міліцыі Фрунзенскага РУУС Мінска. Яны падазраюцца ва ўчыненні злачынстваў на тэрыторыі Беларусі ў 2020 годзе, "звязаных з пазбаўленнем волі чалавека, учыненых з асаблівай жорсткасцю". Пра гэта паведамляе кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.
Адзначаецца, што інфармацыя пра падазраваных апублікаваная дзяржаўным тэлеканалам Польшчы TVP на падставе даных пракуратуры Польшчы. У дачыненні да вышэйзгаданых асоб выдадзены еўрапейскі ордэр на арышт.
Абвяшчэнне ў вышук сілавікоў Аляксандра Лукашэнкі стала вынікам сумеснай працы НАУ, польскага адваката Томаша Вілінскага, прадстаўнікоў Кібер-партызан, BYPOL і іншых няўрадавых арганізацый.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.