“Нагуаль”: мы зробім з Дома прафсаюзаў гараж

12 траўня ансамбль этнічнага сюррэалізму “Нагуаль” намераны здзівіць усіх сваім канцэртам.
Шоў адбудзецца на сцэне Дома прафсаюзаў, які гурт збіраецца ператварыць у гараж з дапамогай адмысловага гітарнага гуку. Таксама музыкі абяцаюць прымусіць публіку рухацца пад танцавальны біт і ўвесці яе ў фірмовы этна-транс.

Канцэрт анансаваны як вялікі не толькі таму, што пройдзе ў вялікай залі. “Нагуаль” будзе граць у пашыраным, вялікім складзе. Да трыо далучацца бубнач, перкусіяніст, гітарыст, баяніст, саксафаніст, валтарніст і дудар.

“Гэта праграма будзе адрознівацца ад таго камернага, этна-авангарднага гуку, які мы рабілі.

Тут праграма будзе больш танцавальная. Мы уводзім гітару, гэта, скажам так, накірунак гаражнай эстэтыкі, псіхадэлічных нейкіх традыцый 60-70 гадоў.

І разнастайнасць, і дапаўненне рознымі інструментамі надасць гэтай праграме новую афарбоўку. Я б нават сказаў, што гэта праграма для вялікіх пляцовак атрымалася. У ёй ёсць нейкая такая тонкасць і дзікае язычніцкае адчуванне.

Гэта зусім іншая энергетыка. З’явілася ўнутраная неабходнасць унесці больш рокэнролу ў праграму. Такога грубага, першабытнага рокэнролу.

Мы вось зараз рэпетуем, і нават думкі узнікаюць, што калі глядач пачуе адразу першую песню, яны падумаюць, што гэта нейкі гурт на разагрэве грае” , – праанансаваў новую праграму адзін з удзельнікаў “Нагуаля” Леанід Паўлёнак.

Свой вялікі канцэрт музыкі збіраюцца граць пасля гастроляў па Еўропе і больш за ўсё чакаюць душэўнага кантакту з беларускай публікай. А камерцыйны поспех мерапрыемства –для іх не галоўнае.
 
Фота flickr.com
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі