НАК: Як можа Цылінская падтрымаць "Прессбол", калі яна ў Мінску раз на год!

Як стала вядома Еўрарадыё, у адказ на збор выказванняў у сваю падтрымку “Прессболом”, НАК таксама збірае скаргі на газету ад вядомых у спорце людзей. У падтрымку “Прессбола” выказаліся ўжо 30 спартоўцаў. НАК падтрымалі 8 чэмпіёнаў і трэнераў. З лікам 30:8 “Прессбол” перамагае, але гэта пакуль нічога не змяняе. Еўрарадыё вырашыла даведацца, ці не збіраюцца чыноўнікі НАК прыслухацца да чэмпіёнаў, якія падтрымалі “Прессбол”, і перагледзець рашэнне аб пазбаўленні самай папулярнай спартовай газеты акрэдытацыі на Алімпійскіх гульнях. Але, па словах першага віцэ-прэзідэнта НАК Генадзя Аляксеенкі, меркаванне спартоўцаў, якія больш часу праводзяць на замежных зборах, чым на радзіме, і дрэнна разбіраюцца ў сітуацыі, для іх нічога не азначае.

Генадзь Аляксеенка: “Як можа выступаць у падтрымку тая ж Цылінская, якая ў Мінску бывае раз на год, і хто там яшчэ выступаў, якія пастаянна ездзяць па зборах?! Я не цікавіўся, але расказвалі, як гэта робіцца. Таму без каментароў — не хачу ўвязвацца, мне гэта не цікава”.

Па яго словах, для НАКа не мае вялікага значэння, якія выданні атрымаюць акрэдытацыю і паедуць у Пекін. Калі беларусы заваююць медалі, напісаць пра гэта знойдзецца каму! І для іх не важна, хто гэта будзе — “Прессбол”, “Спортивная панорама” альбо “Звязда”. І таму пакуль нанава звяртацца да разгляду, а тым больш, перагляду свайго рашэння НАК не збіраецца.

Генадзь Аляксеенка: “На сённяшні дзень пакуль усё так, як ёсць. Новага пакуль ніхто нічога нікому не сказаў. Акрамя таго, што “Прессбол” раздзьмуў нейкую кампанію і сутыкае ілбамі людзей, трэнераў, спартоўцаў”.

Не бачыць віцэ-прэзідэнт НАКа нічога дзіўнага ў тым, што прэзідэнт Лукашэнка не адказаў на адкрыты ліст “Прессбола”. Кажа, такіх прыватных зваротаў кіраўніку дзяржавы штодзень прыходзяць тысячы.

Генадзь Аляксеенка: “А чаму Беражкоў вырашыў, што ён павінен атрымаць ад Аляксандра Рыгоравіча адказ? Ён звярнуўся як прыватная газета. Аляксандру Рыгоравічу штодзень прыходзяць 2 мяхі лістоў. Ён што, павінен на кожны адказваць? Кіраўнік дзяржавы, дакладней прэзідэнт НАК, вызначыцца па гэтым пытанні – скажа, не вызначыцца – рашэнне ўжо вынесена”.

І яшчэ раз нагадаў, што рашэнне аб пазбаўленні газеты акрэдытацыі было прынята пасля таго, як пра гэта выканкам папрасіла камісія НАК па працы са сродкамі масавай інфармацыі. А іх нібыта прымусілі да гэтага звароты пакрыўджаных артыкулам журналісткі “Прессбола” Святланы Парамыгінай “Олимпийская помойка. НИИсследованный миллиард” спартоўцаў, трэнераў і проста аматараў спорту.

Еўрарадыё звярнулася да сябраў камісіі НАК па працы са СМІ, каб высветліць, ці не паўплывалі на іх пазіцыю выказванні спартоўцаў у падтрымку газеты. Сябра камісіі алімпійскі чэмпіён Аляксандр Мядзведь кажа, што яго крыўда на газету не зменшылася, і раіць "Прессболу" пісаць толькі пра футбол.

Аляксандр Мядзведзь: “Калі б вас абазвалі “алімпійскай памыйкай”, як вы да гэтага паставіліся? Трэба выхоўваць. Яны не першы раз пасквілі пішуць. Бываюць у жыцці розныя сітуацыі, але так абліваць, як некаторыя карэспандэнты ў іх, Тасман такі ёсць, а яны друкуюць гэта... Няхай пішуць аб тым, у чым разбіраюцца – футболе, баскетболе, а не нацыянальныя пытанні ўзнімаюць”.

Аматарам спорту былы алімпійскі чэмпіён параіў чытаць не “Прессбол”, а “Советскую Белоруссию”. Што ж датычыць вяртання акрэдытацыі, то, па словах Мядзведзя, калі ім дадуць такі загад, то будуць вырашаць гэтае пытанне. Праўда, удакладняць, ад каго павінен паступіць такі загад, сарамяжліва не захацеў.

Не лічыць нагодай для перагляду рашэння НАК выступы ў абарону газеты вядомых спартоўцаў і яшчэ адзін сябра камісіі Эліна Зверава. Еўрарадыё яна сказала, што гэта не больш, чым іх прыватнае меркаванне, на якое кожны мае права. І не больш за тое.

Эліна Зверава: “Кожны вырашае для сябе, як ён ставіцца – падтрымліваць альбо не. Я ўвогуле не разумею, чаму столькі галасу? Часу да Алімпійскіх гульняў засталося зусім мала. А артыкулы трэба з розумам пісаць”.

Як стала вядома Еўрарадыё, у адказ на збор выказванняў у сваю падтрымку “Прессболом” афіцыйная газета Міністэрства спорту і турызму “Спортивная панорама” таксама збірае выказванні вядомых у спорце людзей. Але з адваротнай мэтай – падтрымаць рашэнне НАК.
У падтрымку “Прессбола” выказаліся ўжо 30 спартоўцаў. НАК падтрымалі 8 чэмпіёнаў і трэнераў. З лікам 30:8 “Прессбол” перамагае, але гэта пакуль нічога не змяняе. Такое зараз спартовае жыццё…

У падтрымку рашэння НАК аб пазбаўленні “Прессбола” акрэдытацыі выступілі:
Ірына ЛЯПАРСКАЯ, галоўны трэнер па мастацкай гімнастыцы;
Аляксей МІРАШНІЧЭНКА, старшыня Спартовага камітэта ВС Рэспублікі Беларусь;
Эдуард МАЛАФЕЕЎ, заслужаны трэнер СССР і Беларусі;
Аляксандр РУДСКІХ, галоўны трэнер нацыянальных камандаў;
Эліна ЗВЕРАВА, заслужаны майстар спорту, алімпійская чэмпіёнка ў кіданні дыска ў 2000 годзе;
Аляксандр ГАНЧАРОЎ, галоўны трэнер нацыянальнай зборнай па цяжкой атлетыцы;
Камандар МАДЖЫДАЎ, алімпійскі чэмпіён па грэка-рымскай барацьбе;
Ігар АСТАПКОВІЧ, пераможца і прызёр Алімпійских гульняў і чэмпіянатаў свету.

У падтрымку “Прессбола” выказаліся:
 
Сяргей АЛЕЙНІКАЎ, Аляксандра ГЕРАСІМЕНЯ, Ганна ГЛАЗКОВА, Васіль ГАРБАЧОЎ, Дзмітры ДАШЧЫНСКІ, Марыя ІТКІНА, Уладзімір КОПАЦЬ, Ганна КАПАЧЭНЯ, Аляксандр КУЛЬ, Валерыя КУРЫЛЬСКАЯ, Андрэй МЕЗІН, Ягор МЕШЧАРАКОЎ, Юлия НЕСЦЯРЭНКА, Вераніка ПАЎЛОВІЧ, Наталля ПАЛЬЧЭЎСКАЯ, Андрэй ПАРАШЧАНКА, Валеры ПЯЎНІЦКІ, Віталь ПЯСНЯК, Сяргей ПУНЬКО, Наталля РАСКІНА, Юлия РАСКІНА, Сяргей РУТЭНКА, Дзяніс САВЯНКОЎ, Канстанцін СІЎЦОЎ, Ганна ЦЯРЭНЯ, Генадзь ТУМІЛОВІЧА, Святлана ХАХЛОВА, Наталля ЦЫЛІНСКАЯ, Алены ШВАЙБОВІЧ, Алег ШЭПЕЛЬ...

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі