Напалоханыя беларусы за два дні купілі тавараў у 7 разоў больш, чым летась

Калядныя зніжкі зніклі з беларускіх крамаў. А на некаторыя тавары не тое што зніжак няма, а нават і кошты павысіліся.
Аднак пакупнікам усё роўна – яны запоўнілі крамы бытавой тэхнікі, мэблевыя салоны, яны купляюць пасцельную бялізну і адзенне ў ГУМе і ЦУМе...

Генеральны дырэктар закрытага акцыянернага таварыства “Мэбля, будматэрыялы” Уладзімір Янкоўскі лагічна задае рытарычнае пытанне: навошта рабіць зніжкі ў час павышанага попыту?

Уладзімір Янкоўскі: “Калядныя зніжкі? Ха-ха! Зніжкі звычайна дзейнічаюць да Новага году, калі трэба стымуляваць продаж. Ніхто не праводзіць ніякія акцыі ў перыяд павышанага попыту на прадукцыю”.

Ужо ўвечары першага студзеня, калі Нацбанк аб’явіў пра дэвальвацыю беларускага рубля, варта было чакаць, што на наступны дзень людзі рынуцца па пакупкі. Яно і натуральна: вырас курс замежнай валюты – вырастуць і цэны.

Збольшага тавары яшчэ можна купіць па старой цане, хоць і без зніжак. Але новыя тавары ў беларускія крамы ўжо ідуць па новай, больш высокай цане. Загадчык сталічнай крамы “Віцязь” Дзяніс Мятлушка расказаў Еўрарадыё, што ў іх скупляюць усё — ад плоек да тэлевізараў.

Дзяніс Мятлушка: “У студзені значна павялічыліся продажы. Снежань – самы гандлёвы месяц. А ў студзені ў параўнанні са снежнем на 20% продажы выраслі. З другога, як адкрыліся пасля Новага году. Тое, што мы атрымлівалі да Новага году па старых курсах, то па гэтых цэнах і прадаецца. Толькі тое, што атрымліваем новае, ідзе ўжо даражэй. Таму што пастаўшчыкі ўжо адгружаюць даражэй”.

Аднак нягледзячы на тое, што большасць тавараў ідзе яшчэ па старой цане, некаторыя патэнцыйныя пакупнікі усё ж не ў стане набыць тэхніку без зніжак, на якія разлічвалі. Так, спадарыні, якіх мы злавілі на выхадзе з крамы “Віцязь” з пустымі рукамі, скардзяцца, што не змаглі купіць сабе тэлевізар з вадка-крышталічным экранам.

Пакупніцы: Хацелі купіць, але не выбралі. Цэны ўжо змяніліся. Былі калядныя зніжкі, а зараз ужо... То бок, калі ўчора ён каштаваў 890 тысячаў, а зараз ужо мільён.
ЕРБ: А што вы хацелі купіць?
Пакупніцы: Тэлевізар вадка-крышталічны “Віцязь”. Але атрымаўшы кансультацыю прадаўца, мы зразумелі, што зараз не варта купляць вадка-крышталічны “Віцязь”.
ЕРБ: А вы пайшлі менавіта зараз, таму што баіцеся, што цэны вырастуць?
Пакупніцы: Натуральна. Па-першае, пагэтаму, а па-другое, што рабіць з грашыма, якія зараз ёсць у наяўнасці? Тут такі ажыятаж зараз будзе! Паніка сярод насельніцтва. У крамы ўвогуле не ўвайсці. Страшна!

Іншая пакупніца ўсё ж набыла сабе канапу. Але самую танную. Тая, на якую яна разлічвала раней, стаіць ужо з новым цэннікам.

Пакупніца: “Чаму няма калядных зніжак, а наадварот, прывезлі мэблю па новых коштах? У мяне грошай лішніх няма. Я свой мізэр апошні нашкрэбла. Мне патрэбна канапа, на чым спаць. Вось я сабе і купіла танную канапу”.

А пакуль гендырэктар таварыства “Мэбля, будматэрыялы” Уладзімір Янкоўскі хваліцца перавыкананнем усемагчымых планаў і каласальным таваразваротам.

Уладзімір Янкоўскі: “Фінансавы крызіс трымаў людзей у насцярожанасці. І вось гэты скачок курса замежных валютаў даў сігнал пакупніку, што тавары будуць даражэць. Гэта крыху падагравае сітуацыю, таму што купляюць ужо не толькі тыя, каму трэба, а хто думаў у іншыя нейкія перыяды купіць. Калі ў нас у студзені 2008 года другога чысла таваразварот быў 75 мільёнаў, то другога студзеня гэтага года ён склаў 565 мільёнаў. Трэцяга студзеня ў 2008 годзе таваразварот быў 133 мільёны. А трэцяга студзеня гэтага года – 773 мільёны”.

Не дзіўна, напалоханыя беларусы купляюць нават тэхніку, якая ўжо стала каштаваць на 20% больш пасля дэвальвацыі. Баяцца, што калі падаражэе яшчэ крыху, проста застануцца без тэлевізараў, пральных машынаў ды канапаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі