Нашы спевы раздражняюць аматараў электронікі, а музыка — прыхільнікаў этна

20 чэрвеня гурт Shuma на чале з беларускай рок-князёўнай Русяй прэзентуе свой дэбютны альбом “Жніво”. Руся і адзін з прадзюсараў лонг-плэя Нік Чорны рассакрэцілі некаторыя фішкі альбома, прызналіся, што мараць зарабіць грошай сваёй музыкай, хаця наўрад ці гэта магчыма. А Руся запэўніла, што больш не слухае музыку, дзе ёсць гітара з дысторшнам.

Еўрарадыё: Вашу пласцінку чакалі некалькі гадоў. Чаму яна выходзіць толькі цяпер?

Руся: Хутка не атрымалася. Бо, як вядома, у нашай краіне музыкай займаюцца з большага пасіянарныя асобы, якія вымушаныя здабываць свой хлеб зусім з іншых крыніц. Так што менавіта адсутнасць фінансавання тармазіла. А працэс стварэння быў вельмі прыгожы, глыбокі, пяшчотны, са сваімі праблемамі і ўзнёслымі момантамі, як гісторыя сапраўднага кахання.

Нік Чорны: Так, альбом доўгачаканы для ўсіх і для нас. Часткова гэта адбылося з-за таго, што музыка, якую мы робім, не самая простая, няпроста было злучыць архаічныя, старажытна-славянскія і старажытна-беларускія песні з сучаснай электроннай музыкай, прычым, злучыць так, каб гэта было клёва, каб захоплівала максімальную колькасць моладзі.

Таксама адна з прычын такой затрымкі, магчыма, у тым, што над альбомам працавалі два прадзюсары — я і Алексіс Скорпіа. Калі працуе адзін, і вельмі таленавіты чалавек, Лёша, то для таго, каб падхапіць яго тэмп і ўзровень, патрэбны час. Гэта быў самы яскравы досвед у маім творчым жыцці.

Еўрарадыё: Як адбілася існаванне двух прадзюсараў на гучанні альбома? Ці можна, слухаючы альбом, разумець, што гэта трэк Ніка, а гэта — Алексіса?

Нік Чорны: Так, натуральна. Прычым, з-за гэтага альбом не атрымаўся разбітым, але прыналежнасць трэкаў можна заўважыць. Лёша любіць змрочны падыход да гуку, містыку, холад, магічнасць, і яго кампазіцыі гэтым акурат прасякнутыя. Я ж больш гарэзлівы і падарваны чалавек. Таму мае кампазіцыі больш рытмічныя, яны нібыта ў пастаянным драйве і пагоні.

Еўрарадыё: Ці змяніла цябе праца з народнай музыкай? Што новага ты для сябе адкрыў?

Нік Чорны: Я, хутчэй, глабаліст. І я быў увогуле вельмі далёкі ад розных культурных штук. Але аднойчы мы выступалі з “Шумай” на фестывалі за мяжой. Там была тысяча чалавек. І калі спявалася “Іскарка”, дзе чыста вакальны беларускамоўны ўступ, я ўбачыў, як кайфуюць гэтыя людзі ад нашых спеваў і адчуў гонар, што я беларус. То бок, з’явілася пачуцце, якое раней для мяне не было характэрным. І мне гэта спадабалася, і я падумаў, што ёсць сэнс гэтым займацца.

Еўрарадыё: Ваш альбом выходзіць на расійскім лэйбле. Дзе музыка Shuma будзе больш цікавая? На Захадзе ці Усходзе?

Нік Чорны: Мы хочам, каб яна была папулярнай у першую чаргу ў нашых шыротах. Але, натуральна, было б някепска, каб ёй зацікавіліся на Захадзе і Усходзе, бо на нашых геаграфічных прасторах вельмі няпроста музыкам апраўдваць сваю дзейнасць менавіта з фінансавага боку. Але менавіта з ідэйнага боку хочацца, каб цікавасць была ў суайчыннікаў, бо гэта ўсё рабілася менавіта для нас, беларусаў.

Еўрарадыё: Ці цікавіць музычны рынак этна-электроніка?

Нік Чорны: Цяпер увогуле ўсе музыкі звяртаюць увагу на этніку ў той ці іншай ступені. Напрыклад, ёсць вельмі круты брытанскі прадзюсар Фуртэд, які неаднойчы прызнаваўся лепшым прадзюсарам DJmag. Цяпер ён прадзюсуе турэцкага артыста, які выкарыстоўвае іх дыятоніку. Атрымліваецца вельмі дзіўнае гучанне, якое спачатку адпужвае. Але само разуменне, што супер-гуру і акулы гэтага рынку звяртаюцца да дзіўнага гучання, кажа пра тое, што ўсіх ужо прытаміла рабіць адно і тое ж. Варта шукаць нешта новае, спрабуючы дадаць каларыту ў сучасную музыку.

Еўрарадыё: То бок, праз этна-электроніку на вялікую сцэну прабіцца будзе лягчэй, чым са сваім уласным матэрыялам?

Нік Чорны: Прабіцца лягчэй, калі цябе нехта “прабівае”. А тут проста цікавей працаваць. Але калі ты некага капіруеш, як у нас цяпер папулярна — капіраваць заходніх калег, то ты ўсё адно будзеш выступаць на мясцовай сцэне, бо артыста, на якога ты арыентуешся, прывесці даражэй, чым запрасіць цябе. Не больш за тое. Але там ты не будзеш цікавым, бо ты копія. А копія заўсёды горшая.

Еўрарадыё: Тым не менш, пра нашу электронную сцэну ёсць пахвальныя водгукі і ад замежных спецыялістаў. Па-твойму, хто з беларускіх электроншчыкаў варты ўвагі?

Нік Чорны: Той, хто піша сваю музыку.

Руся: Нядаўна адбыўся фестываль Mental Force. Мы паслухалі сэт Віталя Гармаша — i/dex — гэта проста нешта неверагоднае: такая далікатная, густоўная, адукаваная праца з гукам, эстэтыкай, інжынерыяй гуку! Проста нейкі неверагодны быў сэт. Мы вельмі ўразіліся.

Еўрарадыё: Чаму электронная музыка працягвае быць у Беларусі музыкай не для ўсіх, у той час, калі свет літаральна запалонены ёй?

Руся: Таму што мы павольна развіваемся ва ўсіх аспектах: як грамадства, як краіна. Таму і пераасэнсаванне музыкі ў нас адбываецца са спазненнем у параўнанні з Заходняй Еўропай ці Амерыкай.

Нік Чорны: А хіба ў нас астатняя музыка не не для ўсіх (смяецца)? Чым бліжэй да Брытаніі і Амерыкі, тым больш працоўны музычны рынак. І калі параўноваць іх папулярную сцэну і нашу, то нашай папулярнай сцэны проста не існуе.

Еўрарадыё: Дарэчы, што цяпер у трэндзе ў сусветнай электроннай музыцы?

Нік Чорны: Бэйс! Цяпер уся музыка завязаная на басе. Але гэта трэнд, хутчэй, не электроннай музыкі, а ў цэлым усёй музыкі. Усё цяпер рухаецца да таго, што будзе бас, “ударка” і клёвы вакал.

Еўрарадыё: Як распазнаць мяжу паміж масавай і элітарнай культурай і да якой з іх імкняцеся вы?

Нік Чорны: Мы робім усё ж больш элітарную музыку, але імкнемся да масавай. Але імкнемся да масавай не для таго, каб зарабіць шмат грошай ці фэнаў, а для таго, каб прасунуць нашу культуру. Але пры гэтым мы не робім папулярную музыку.

Еўрарадыё: Фолк па-сутнасці — вынік масавай культуры. Чаму ў Беларусі ён не мае такой папулярнасці, як, напрыклад, у той жа Польшчы ці краінах Балтыі?

Руся: Таму што ў нас не папулярная беларуская культура, беларуская мова і беларуская ідэя ўвогуле.

Еўрарадыё: Ну, цяпер, можна сказаць пра ўвядзенне беларускасці ў мэйнстрым. Вось нават майткі з’явіліся з беларускім арнаментам, не кажучы пра ўсё астатняе.

Руся: На майткі я б папрасіла не гнаць (смяемся)! Ёсць такое, намеціўся трэнд. Мы, дарэчы, вельмі ганарымся, што далі рады і стварылі гэты сайт з арнаментамі. Але! Працэнт людзей, для якіх гэта нешта значыць, у параўнанні з колькасцю людзей, якія жывуць у Беларусі, вельмі малы. Так што, не варта сябе цешыць надзеямі і ілюзіямі пра звышактыўную беларусізацыю. Не. Гэта проста такі натуральны невялічкі крок наперад, і, па-другое, гэта вынік працы тых людзей, якія займаліся ўжо шмат гадоў папярэдняй працай у гэтым накірунку.

Еўрарадыё: Трэнд мусіў паўплываць на з’яўленне новых фолк-гуртоў ці актывізацыі старых. Але ў мінулым годзе выйшаў толькі адзін фолк-альбом. З чым гэта звязана?

Нік Чорны: Музыкай у свеце і ў Беларусі займаецца вельмі шмат людзей. Музыка стала лёгкадаступным заняткам, дзякуючы лічбавым тэхналогіям. Але ўсе капіруюць адно аднаго. Напрыклад, усе рок-гурты ў Беларусі рэзка сталі “інды”, электроншчыкі капіруюць брытанцаў ці немцаў, і вельмі мала хто хоча рабіць нешта сваё. Тут усё ўзаемазвязана: калі чалавек не цікавіцца ўласнай культурай, дык навошта яму займацца ёй у плане музыкі? Таму яны займаюцца чужой культурай, якая папулярная, якую ім навязалі.

Еўрарадыё: Руся, ці не сумуеш ты па рок-н-роле?

Руся: Зусім не сумую. Час ад часу мы сазвоньваемся з “індыганамі” і з цеплынёй узгадваем мінулыя часы. Але я не пераслухоўваю нашы песні, ды і ўвогуле з майго плэй-ліста зніклі трэкі, дзе ёсць гітара з дысторшнам. Ніякай рок-музыкі не слухаю. Не ведаю. Напэўна, вельмі шмат яе было ў маім жыцці, і неяк так заўважна змяніліся густы, і перш за ўсё дзякуючы сутыкненню з архаічнай культурай. Гэта такая глыбіня! Там можна корпацца ўсё жыццё, знаходзіць для сябе неверагодную падтрымку і моманты натхнення. Гэта мне вельмі падабаецца. Гэта тое, дзе я сябе знаходжу дагэтуль. Таксама я вельмі паважаю і люблю электронную музыку дзякуючы таму, якая шырокая палітра гукаў і ўвогуле музычных інструментаў для творчага самавыяўлення там ёсць. Бо калі валодаць фантазіяй, адукацыяй і густам, можна ствараць новыя міфічныя светы.

Еўрарадыё: Вы разглядаеце “Шуму” як камерцыйны праект? У выніку ён мусіць прынесці вам грошы і абагаціць вас?

Руся: У ідэале — вядома (смяецца). Але прадаваць такую музыку крыху складана, таму што гэты стыль апынуўся на мяжы двух вялікіх рынкаў: электроннага, дзе дыгіталізацыя архаікі і этнікі толькі адбываецца, і world-music, якая не аперуе электроннымі гукамі. І вось людзі, якім цікавыя world-music, этніка, архаіка, былі б гатовыя слухаць “Шуму”, але іх раздражняе электронны клубны кампанент. А аўдыторыю і рынак клубнай электроннай музыкі крыху бянтэжыць народны вакал і нязвыклая для іх мелодыка. Таму гэта і ёсць такі момант, які не дазваляе рэалізаваць гэты намер, каб быць сапраўды фінансава паспяховымі, шмат дзе прадавацца. Не. Гэта наша культурная місія.

Еўрарадыё: Shuma — фестывальны ці камерны клубны праект?

Руся: Калі мы граем у клубах, мы часта робім сэты ў два разы цішэй і больш пяшчотна спяваем. Але мне больш падабаецца выступаць на вялікім гуку, калі ўся палітра электроннага гучання можа раскрыцца — і нізкія частоты, і высокія, і ўсё гэта дае такое густое музычнае палатно. Я лічу, што Shuma — гэта фестывальны праект, перш за ўсё.

Нік Чорны: Так, Shuma — фестывальны праект, асабліва калі ўлічваць акцэнт на візуальнай частцы. З намі працуе візуальны мастак Наста Казлянок. На клубнай электроннай сцэне ад артыстаў чакаюць, хутчэй, фонавай музыкі. То бок, клуб, гэта месца, куды прыходзяць выпіць, пазнаёміцца, крыху патанцаваць. А на фэсце ныраюць у музыку, аддаюцца музыцы. Фестываль — гэта як жыццё.

Еўрарадыё: Як называецца альбом? Што за песні ў яго ўвойдуць?

Руся: Альбом называецца “Жніво”. На дадзены момант для яго гатова 10 трэкаў. Яны ўжо сфарміраваныя. Але, магчыма, мы паспеем дадаць туды два самых свежых трэкі. Некаторыя з гэтых песень ніхто ніколі не чуў. Некаторыя з іх мы гралі падчас “лайваў” на канцэртах, некаторыя мы выкладвалі ў сеціва.

Прэзентацыя нашага альбома адбудзецца 20 чэрвеня ў ангары клуба “Хуліган” (Мінск, — Еўрарадыё). Будуць дыджэі, якія працавалі раней з “Шумай”, напрыклад, ноч адкрые Dee Flack. Таксама будзе выступ Shuma voices feat. Ne Tek — мы хочам паспець зрабіць сваё канцэртнае адзенне, запаліць факелы і паваражыць, паспяваць купальскія песні. Будуць Shumaboy — то бок, уся наша шумаўская тусоўка — сябры, калегі, з якімі мы працавалі і якія ўплывалі на працу “Шумы”. 

Фота Ганны Дрозд

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі