NATO не бачыць у Беларусі ні вагнераўцаў, ні ядзернай зброі

Лагер для вагнераўцаў пад Асіповічамі / Reuters
Лагер для вагнераўцаў пад Асіповічамі / Reuters

У NATO не бачаць прыкмет перамяшчэння расійскай тактычнай ядзернай зброі ў Беларусь. Пра гэта заявіў перад пачаткам саміту альянсу ў Вільні генеральны сакратар арганізацыі Енс Столтэнберг. Яго спыталі пра магчымую рэакцыю NATO на заявы лідараў Беларусі і Расіі пра размяшчэнне ядзернай зброі на тэрыторыі нашай краіны.

Столтэнберг назваў ядзерную рыторыку Расіі небяспечнай і безадказнай. Паводле яго, у Расіі мусяць разумець, што ядзерная вайна не можа быць выйграная і ніколі не павінная пачацца. NATO тым часам сочыць за тым, што робіць Расія. "Пакуль мы не бачым ніякіх зменаў у расійскім ядзерным разгортванні. Гэта не патрабуе ніякіх зменаў з нашага боку. Але мы захоўваем пільнасць, і я запэўніваю, што мы гатовыя абараняць кожнага саюзніка па NATO ад любой патэнцыйнай пагрозы", — сказаў Столтэнберг.

Паводле яго слоў, у NATO не бачаць і перамяшчэння новых вайсковых сіл у Беларусь. Так ён пракаментаваў намеры ПВК "Вагнер" перабрацца ў Беларусь. "Мы не бачылі ніякага размяшчэння або перамяшчэння якіх-кольвек сіл у Беларусь. Але, вядома ж, мы сочым уважліва за тым, што адбываецца", - сказаў ён.

Саміт лідараў NATO адкрываецца сёння ў Вільні. Напярэдадні з сенатарамі ЗША, якія прыбылі на гэтую сустрэчу, пагаварыла Святлана Ціханоўская. Бакі абмяркоўвалі магчымыя дзеянні з боку міжнароднай супольнасці па вызваленні палітвязняў і абароне беларускай незалежнасці. Амерыканскія сенатары паабяцалі падняць пытанне Беларусі на саміце NATO.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі