НАТО — Расіі: Мы не абяцалі прыбраць свае войскі ад вашых межаў

У звароце на рускай мове, размешчаным па адрасе nato.int, гаворыцца, што агрэсія супраць Украіны прывяла да міжнароднай ізаляцыі Расіі, у тым ліку поўнае прыпыненне практычнага супрацоўніцтва з НАТО. “Каб адцягнуць увагу ад сваіх дзеянняў, Расія вылучыла шэраг абвінавачванняў супраць НАТО, якія грунтуюцца на некарэктнай інтэрпрэтацыі фактаў і упускаюць заўсёдныя намаганні НАТО па развіцці партнёрства з Расіяй. Расія таксама выступіла з беспадстаўнымі выпадамі супраць легітымнасці уладаў Украіны і прымяніла сілу для захопу часткі тэрыторыі Украіны”, — гаворыцца ў паведамленні.



Аўтары звароту спрабуюць абвергнуць меркаванне РФ, што НАТО цягам многіх гадоў спрабавала “адцясніць Расію з цэнтру міжнароднай арэны”.



“Расійскія афіцыйныя асобы заяўляюць, што ў 1990 годзе афіцыйныя прадстаўнікі ЗША і Нямеччыны абяцал, што НАТО не будзе пашырацца ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе, ствараць ваенную інфраструктуру каля межаў Расіі ці стала разгортваць там войскі, — гаворыцца ў паведамленні. — Такое абавязанне ўзятае не было, і не было прадстаўлена ніякіх доказаў, якія падмацоўвалі расійскія прэтэнзіі. Калі б такое абяцанне было дадзена НАТО, яно павінна было аформіцца пісьмова ў выглядзе афіцыйнага рашэння ўсіх сябраў НАТО. Больш за тое, пытанне пра пашырэнне НАТО пачало разглядацца праз некалькі год пасля аб’яднання Нямеччыны. У той момант, калі, як сцвярджае Расія, былі дадзеныя абяцанні, гэтае пытанне яшчэ не стаяла на парадку дня”.


“Нават да крызісу ва Украіне адзінай заўважнай планавай прысутнасцю сіл НАТО ў новых дзяржавах-сябрах былі знішчальнікі НАТО, якія выконвалі задачы паветранага патрулявання ў краінах Балтыі. Гэтыя мінімальныя абарончыя сродкі нельга характарызаваць як значныя баявыя сілы”, — цытуе дакумент БелаПАН.



У звароце таксама абазначанае стаўленне НАТО да легітымнасці цяперашніх украінскіх уладаў. “…цяперашні прэзідэнт Украіны і ўрад краіны былі ўхваленыя пераважнай большасцю Парламент Украіны (371 голас з 417 зарэгістраваных) 27 лютага 2014 года, у тым ліку сябрамі Партыі рэгіёнаў”. “Гэты склад парламенту быў абраны 28 лютага 2012 года. Міністэрства замежных спраў Расіі заявіла ў той момант, што выбары прайшлі “ў спакойнай абстаноўцы без нейкіх эксцэсаў і адпавядалі агульнапрынятым стандартам” і “пацвердзілі прыязнасць Украіны да нормаў дэмакратычнай, прававой дзяржавы”, — адзначаюць аўтары звароту.



“Парламент, які Расія назвала законным у той момант, не можа быць названы незаконным сёння”.



У той жа час эксперты НАТО настойваюць на незаконнасці рэферэндуму ў Крыме. “Выключна агульнаўкраінскім рэферэндумам вырашаюцца пытанні аб змяненні тэрыторыі Украіны”. “Апроч гэтага так званы рэферэндум быў арганізаваны за некалькі тыдняў самаабвешчаным кіраўніцтвам Крыму, усталяваным расійскімі вайскоўцамі са зброяй у руках паслы захопу ўрадавых будынкаў”, — заяўляюць у НАТО.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі