НАУ перадало Украіне спіс беларускіх суддзяў і прапагандыстаў для санкцый
Кіраўнік НАУ Павел Латушка / Еўрарадыё
Народнае антыкрызіснае ўпраўленне перадало Нацыянальнаму агенцтву па пытаннях прадухілення карупцыі Украіны спіс асоб і арганізацый рэжыму Лукашэнкі, якія актыўна падтрымліваюць расійскую агрэсію супраць Украіны. На гэтых людзей і арганізацыі Украіна можа накласці нацыянальныя санкцыі, адзначае прэс-служба НАУ.
Пералік кандыдатаў на ўключэнне ў санкцыйны спіс Украіны 15 жніўня размешчаны на спецыялізаваным партале "Вайна і санкцыі".
Украінскае ведамства накіравал атрыманы спіс у Службу бяспекі Украіны, Міністэрства замежных спраў Украіны і офіс генпракурора Украіны для далейшага вывучэння і прыняцця рашэння пра накладанне санкцый.
Паведамляецца, што ў спіс увайшлі 15 прапагандыстаў і 24 суддзі, якія выносілі прысуды беларусам за падтрымку Украіны і выступы супраць расійскай агрэсіі.
"Акрамя гэтага, спісы кандыдатаў папоўняць і іншыя асобы і арганізацыі, звязаныя з так званай саюзнай дзяржавай Беларусі і Расіі, у тым ліку датычныя да прымусовага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей, пастаянны Камітэт Саюзнай дзяржавы, яго члены, а таксама тэлерадыёвяшчальная арганізацыя Саюзнай дзяржавы", — гаворыцца ў паведамленні НАУ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.