Навукоўцы патлумачылі, чаму злая машкара "акупавала" поўдзень Беларусі

Поўдзень Беларусі "акупавалі" мошкі / pixabay.com, ілюстрацыйнае фота
Поўдзень Беларусі "акупавалі" мошкі / pixabay.com, ілюстрацыйнае фота

Нагадаем, некалькі дзён таму ў Гомельскай і Брэсцкай абласцях пачалося нашэсце мошак. Жыхары гэтых рэгіёнаў сталі масава скупляць разнастайныя рэпеленты.

Актыўнасць мошак тлумачыцца ўмовамі надвор'я. Праз пару тыдняў яны павінны суцішыцца, аднак улетку магчымы новы ўсплёск. Пра гэта расійскаму інфармагенцтву Sputnik распавяла старшая навуковая супрацоўніца лабараторыі паразіталогіі навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах, кандыдат біялагічных навук Дар'я Доўнар.

"Прычынай такой актыўнасці мошак з'яўляюцца ўмовы надвор'я, якія склаліся ў Беларусі гэтай вясной: даволі працяглы халодны перыяд, а потым рэзкае пацяпленне", — кажа спецыялістка. Яна падкрэслівае, што на поўначы Беларусі павышанай актыўнасці машкары не назіраюць.

Непрыемнасці людзям, па словах энтамолага, дастаўляюць толькі самкі. Жывуць яны не больш за месяц, а актыўная фаза ў іх доўжыцца каля двух тыдняў. Аднак не выключаецца, што ўлетку скачок актыўнасці машкары можа паўтарыцца, калі падрасце новае пакаленне.

Дар'я Доўнар кажа, што павышаная актыўнасць мошак адзначаецца кожныя два гады. Медыкі ў такой сітуацыі раяць карыстацца рэпелентамі і апранаць вопратку з доўгімі рукавамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі