Назад у будучыню: дзе рэальнасць апынулася больш тэхналагічна прасунутай за кіно
Інтэрнэт поўны матэрыялаў пра тое, што 2015 год у фільме “Назад у будучыню” апынуўся нашмат больш тэхналагічным за нашу рэчаіснасць. Аднак Еўрарадыё знаходзіць 5 рэчаў, да якіх не дадумаліся галівудскія сцэнарысты і якія ў нашым 2015 годзе апынуліся нашмат больш прасунутымі, чым прадказвалася ў кіно 30-гадовай даўніны.
Мабільныя тэлефоны
У адной са сцэн Марці размаўляе па тэлефоне-аўтамаце. Як часта сёння людзі карыстаюцца ім? Дарэчы, прататып сотавага тэлефона з’явіўся яшчэ ў 1973 годзе, а другая частка трылогіі — у 1989-м.
Дыскі і інфармацыйныя носьбіты
На адным з кадраў паказваецца сметніца, перапоўненая CD гіганцкіх памераў. Можна толькі здагадвацца пра тое, колькі песень ці інфармацыі на іх магло быць. Сёння ж флэш-карты ў 1 тэрабайт можна спакойна пакласці ў кашалёк. Ды і навошта флэшкі, калі сёння ёсць тое, пра што не дадумаліся стваральнікі кіно, ― інтэрнэт.
Інтэрнэт
Не згадваецца ў кіно і пра інтэрнэт. Дарэчы, ён быў прыдуманы нашмат раней за фільм. Але, відаць, сцэнарысты не палічылі вынаходніцтва перспектыўным. Хоць першы вэб-браўзер з’явіўся ўжо 1990-м ― праз год пасля выхаду 2-й часткі фільма, у якой Марці і трапляе ў 2015-ы.
Планшэты і смартфоны
Насамрэч, частка, прысвечаная інфармацыйным тэхналогіям, не самае прадуманае месца фільма. У адным з эпізодаў доктар Браўн папярэджвае Марці пра будучы арышт з дапамогай звычайнай папяровай газеты “USA Today”. Няўжо такі адукаваны чалавек, як Эмет Браўн, чытаў бы навіны ў папяровай газеце? Наўрад ці цяпер можна ўявіць 2015 год без смартфонаў і планшэтаў. Дарэчы першы планшэтны камп’ютар быў прадстаўлены ў 1982 годзе Стывам Джобсам.
Электронная пошта і сацсеткі
У фільме некалькі разоў сустракаюцца факсы, праз якія перадаюцца паведамленні, але стваральнікі не прадказалі з'яўленне электроннай пошты і сацыяльных сетак.
Хоць ў пэўны момант у кіно ўсё ж з’яўляецца праграма, падобная на Skype: на вялікім тэлевізары бачны твар выкліканага абанента і кароткая інфармацыя пра яго. Але ўсё адно, цяпер функцыянальнасць сацыяльных сетак нашмат больш высокая.
Дарэчы, першая праграма для перасылкі электроннай пошты была распрацаваная ў 1965 годзе.