Не менш за 38 адвакатаў у Беларусі з 2020 былі пазбаўленыя ліцэнзій
Адвакаты-палітвязні / spring96.org
Не менш за 38 адвакатаў з 2020 года ў Беларусі былі пазбаўленыя ліцэнзій, а каля 250 самі прынялі рашэнне сысці з адвакатуры, пішуць праваабаронцы. А на 1 снежня запланавана пасяджэнне кваліфікацыйнай камісіі па пытаннях адвакацкай дзейнасці, дзе на пазачарговую атэстацыю чакаюць яшчэ трох адвакатаў — Уладзіміра Пыльчанку, Дзмітрыя Пігуля і Віктара Мацкевіча. Усе яны з'яўляюцца абаронцамі на палітычных працэсах альбо прадстаўляюць інтарэсы палітвязняў.
Праваабаронцы таксама нагадваюць, што шэсць адвакатаў у Беларусі цяпер маюць статус палітвязняў. Самы вядомы з іх — гэта Максім Знак. Яго затрымалі яшчэ ў верасні 2020 года па "справе Каардынацыйнай рады" разам з Марыяй Калеснікавай і яе адвакатам Іллёй Салеем. Салея пазней выпусцілі, а вось Знака і Калеснікаву асудзілі на вялікія турэмныя тэрміны(да 10 і 11 гадоў зняволення адпаведна).
У зняволенні застаецца і адвакат Аляксандр Данілевіч. Яго затрымалі ў траўні 2022 года, абвінавачваюць у закліках да санкцый. Праваабаронцы нагадваюць, што Данілевіч — шматдзетны бацька, а незадоўга да затрымання ён падпісаў антываенны зварот адвакатаў і юрыстаў. Адразу пасля гэтага ліста супраць вайны ў дачыненні да яго завялі дысцыплінарную вытворчасць. Яго таксама звольнілі з БДУ, дзе ён больш за 20 гадоў выкладаў на факультэце міжнародных адносін.
У зняволенні застаюцца таксама абаронца Алеся Бяляцкага Віталь Брагінец, Анастасія Лазарэнка, абаронца мастака Алеся Пушкіна і студэнта Арцёма Баярскага Юлія Юргілевіч і Міхаіл Макараў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.