Недабудаваным "хакейным" гатэлям пакінулі ўсе ільготы
Пра гэта гаворыцца ва ўказе кіраўніка Беларусі №57 ад 4 лютага 2014 года.
Гэты дакумент уносіць змены ва ўказ №360 ад 30 чэрвеня 2008 года. З прэамбулы выключаныя словы "забеспячэння правядзення чэмпіянату свету па хакеі 2014 года ў г.Мінску". Таксама дата здачы аб'ектаў замененая з 2013 года на 2014-ы.
Пры гэтым недабудаваным гатэлям пакінутыя ўсе падатковыя ільготы. Яны выдаваліся пад умовай будаўніцтва да чэмпіянату свету па хакеі, які пройдзе сёлета ў траўні.
Як паведамляла Еўрарадыё, пад чэмпіянат пачалі будаваць 24 гатэлі. Але за два гады спіс рэзка скараціўся да 14. Нагадаем, што да чэмпіянату не паспеюць пабудаваць, напрыклад, гатэль "Кемпінскі" каля цырка на праспекце Незалежнасці. Гэтая будоўля выклікала шматлікія крытычныя водгукі нават сярод прадстаўнікоў улады.