“Некаторыя кіроўцы могуць ператварыць нармальнага інспектара ДАІ ў пачвару”

“Некаторыя кіроўцы могуць ператварыць нармальнага інспектара ДАІ ў пачвару”

Вядомага блогера Васіля Целагрэйкіна лічаць страшным сном беларускай ДАІ. У сваіх відэазапісах ён часта “дае прыкурыць” некампетэнтным інспектарам. Блогер дэманструе добрае веданне тонкасцяў працэсуальна-выканаўчага заканадаўства і дае парады іншым кіроўцам, як адстойваць свае правы.

Еўрарадыё: Ці здараецца, каб пасля публікацыі вашых відэа інспектараў ДАІ прыцягвалі да адказнасці?

Васіль Целагрэйкін: Вядома, і пратаколы адмяняюцца, і нават рашэнні судоў пераглядаюцца. Некаторых інспектараў прыцягваюць да адказнасці. Праўда, меры спагнання абіраюцца вельмі мяккія: вымовы, пазбаўленні прэмій. Нам калі дасылаюць пра гэта адказы, пішуць: “Вінаваты супрацоўнік прыцягнуты да адказнасці, устаноўленай законам”. Выбіць канкрэтыку, якая менавіта адказнасць, вельмі-вельмі складана.

Еўрарадыё: Можаце прывесці некалькі канкрэтных прыкладаў, калі відэа спрацоўвалі?

Васіль Целагрэйкін: Героі “Сказання аб стражніку Гавядзінаве” ужо нясуць адказнасць, тое ж самае з відэа пра падсветку задняга нумара.

Еўрарадыё: У вас з’явіліся паслядоўнікі. Некаторыя кіроўцы падчас сустрэч з ДАІ ідуць на абвастрэнні і з-за гэтага церпяць.

Васіль Целагрэйкін: Трэба разумець, для чаго ты гэта робіш. Мы з Дзянісам (кампаньён Целагрэйкіна, які звычайна выконвае працу аператара, — Еўрарадыё) робім гэта для таго, каб выявіць кампетэнтнасць інспектара. Які ён, цярплівы, спакойны, вытрыманы альбо ўключае свайго ўнутранага быка, ламае дзверы, прымушае класціся на зямлю і гэтак далей. Нядаўна Аляксандр Рыгоравіч сказаў, што не бачыць нічога страшнага ў тым, што службовую асобу правакуюць на дачу хабару. Калі чалавек хабараў не бярэ, то яму ўсё адно няма чаго баяцца. Вось і тут тое самае. Калі інспектар нармальны, то ён нармальны. Калі крывы, то гэта вылезе цягам трох хвілін. Тады мы распавядзём Радзіме і пакажам яго кіраўніцтву: “Глядзіце, у вас працуе воўк ў авечай скуры, ад яго могуць быць праблемы”.

Еўрарадыё: Атрымліваецца, вы ў пэўнай ступені выступаеце кантралёрамі Дзяржаўтаінспекцыі…

Васіль Целагрэйкін: Нешта накшталт рэвізораў ад грамадзянскай супольнасці, скажам так.

Еўрарадыё: Ці бывалі выпадкі, калі з аўто вывалаквалі вас?

Васіль Целагрэйкін: Не, ні разу ў жыцці. І калі я разглядаю відэаматэрыялы, дзе людзей выцягваюць з машыны, то пераконваюся, што са мной такога б не здарылася. Бо я ведаю, што трэба сказаць, у які час і каму. А людзі, якіх выцягваюць, недастаткова падрыхтаваныя да дыялогу. Не дадзена некаторым зразумець глыбіню пасылу нормаў права. І ён спрабуе разабрацца, але хвалюецца і ў дыялогу з інспектарам нясе лухту. І інспектара гэта заводзіць.

“Некаторыя кіроўцы могуць ператварыць нармальнага інспектара ДАІ ў пачвару”

Вельмі шмат выязджаў на розныя “Help! SOS! Памажыце”. У палове выпадкаў мы бачым спакойнага, цярплівага, ураўнаважанага інспектара, які спрабуе згладзіць канфлікт. А вадзіцель наадварот агрэсіўны. 

Васіль Целагрэйкін

“Калі інспектар роўны, добразычлівы, прад’яві ты гэтыя дакументы і едзь далей”

Еўрарадыё: Часта кіроўцаў спыняюць беспрычынна, проста на праверку дакументаў. Як вы ставіцеся да шматлікіх відэа, дзе кіроўцы адмаўляюцца прад’яўляць дакументы, спрабуючы спаслацца на закон?

Васіль Целагрэйкін: Часта кіроўцы самі раскачваюць сітуацыю, сорак хвілін сядзяць і па канцоўцы ўсё адно паказваюць дакументы ці атрымаюць пратакол у плечы. Я не разумею, для чаго гэта патрэбна. Людзі атручваюць жыццё і сабе, і інспектару. Такія кіроўцы, калі гэта адбываецца масава, могуць нармальнага пазітыўнага супрацоўніка ДАІ праз два месяцы ператварыць у пачвару. Я разумею, калі інспектар чапляецца неабгрунтавана. Напрыклад, патрабуе дакументы, а потым аптэчку і ўсё іншае. Альбо хлусіць: “Вы размаўлялі па тэлефоне, ехалі непрышпілены”. З такімі трэба спрачацца і адстойваць правы, пажадана на месцы, таму што потым у судах гэта зрабіць вельмі складана. Але калі інспектар роўны, добразычлівы, прад’яві ты гэтыя дакументы і едзь далей.

Еўрарадыё: Пад некаторымі відэа з інтэрнэту хапае каментарыяў ад грамадзян, што кіроўцы часам паводзяць сябе правакацыйна…

Васіль Целагрэйкін: Вельмі шмат выязджаў на розныя “Help! SOS! Памажыце”. У палове выпадкаў мы разводзім рукамі: вадзіцель, ты ідыёт. Навошта гэта робіш? Мы бачым спакойнага, цярплівага, ураўнаважанага інспектара, які спрабуе згладзіць канфлікт. А вадзіцель наадварот агрэсіўны. Інспектары вінаватасць ускладваюць на мяне: “У гэтым вінаваты Целагрэйкін”.

Еўрарадыё: Ці служылі вы раней ў сілавых ведамствах, калі ведаеце нормы права і ўмееце сябе паводзіць з людзьмі ў пагонах?

Васіль Целагрэйкін: Я заканчваў Акадэмію МУС. Там быў закладзены фундамент. А веды зусім з іншага месца ўзяліся. Я пачаў гэтым займацца таксама ад несправядлівасці.

Еўрарадыё: Ці можаце пра гэта расказаць?

Васіль Целагрэйкін: Была ідыёцкая сітуацыя. Я запаркаваўся ў двары, было мала месца, і я двума коламі заехаў на бардзюр. Справа ў тым, што так у шэраг стаялі трыццаць машын. І столькі ж з іншага боку. І ўсе закінулі колы на бардзюр. Але на мяне паскардзіўся сусед. Прыехала ДАІ. Я кажу: паглядзіце, яшчэ 59 машын стаяць гэтак жа. Чаму вы прычапіліся менавіта да мяне? — “Ну вось, на вас быў сігнал, таму вас і афармляем”. І мне інспектар кажа: “У вас ёсць магчымасць аплаціць адну базавую альбо з’ездзіць у ДАІ горада на лекцыю, там вам паставяць адзнаку, што не трэба плаціць штраф”. Я падумаў, навошта плаціць базавую, лепш куплю дзецям марожанага. З’ездзіў на ідыёцкую лекцыю, атрымаў штамп, з ім паехаў у ДАІ. А там мне кажуць: “Нам твой штамп па барабане, давай нам тую базавую, якую вінен”. Вось з гэтай кроплі несправядлівасці ўсё нарадзілася. Я перастаў давяраць супрацоўнікам ДАІ і потым яшчэ сто разоў пераканаўся, што ім нельга верыць.

“ДАІ не разрывае на кавалкі непрыстойных інспектараў, сваіх выцягваюць любымі шляхамі”

Еўрарадыё: У чым Вы бачыце слабыя месцы беларускай ДАІ?

Васіль Целагрэйкін: Амаль усе неправамерныя дзеянні з боку інспектараў ДАІ здараюцца з-за некампетэнтнасці. Днямі нас тармозяць з праблясковымі мігалкамі на прасёлкавай дарожцы: “Прад’явіце дакументы”. Мы выходзім, бяром раздрукаваныя аркушы са спасылкамі на “Закон аб органах унутраных спраў”, на пастанову №442. Інспектар бярэ гэтыя лісты: “Можна, я іх пачытаю?” Ідзе ў машыну і чытае хвілін дзесяць. Потым выходзіць і кажа: “Дзякуй, цяпер я ведаю, што гэта так”. Пытаемся: “А што вы да гэтага рабілі ў ДАІ? Вы ж спынілі тысячу кіроўцаў і няправільна дзейнічалі”. І такіх прыкладаў мора. Мора інспектараў, якія па пятнаццаць гадоў служаць у ДАІ, сустракаюцца з намі, чытаюць заканадаўчыя акты і кажуць: “Ё-маё, колькі служыў і не ведаў, што гэта так”.

Еўрарадыё: У чым корань праблемы, што беларусы збольшага не любяць ДАІ? Гэта грамадства хворае ці нашы праваахоўныя органы не паважаюць людзей?

Васіль Целагрэйкін: У нас народ у пераважнай большасці не проста памяркоўны, а празмерна. Людзі не ведаюць сваіх правоў і загадзя давяраюць чалавеку ў пагонах. Але калі б яны ведалі, як іх часам нагінаюць, то расчараваліся б. Вельмі шмат непрыстойных супрацоўнікаў міліцыі. І там да сораму апеляваць бессэнсоўна. Людзі перыядычна на іх скардзяцца, але рэакцыя кіраўніцтва такая, што іх не разрываюць на кавалкі ў навуку іншым. Наадварот, сваіх выцягваюць любымі шляхамі, мае ён рацыю ці не. Такім чынам утвараецца зачараванае кола. Прайшоўшы праз некалькі такіх замесаў, інспектар разумее сваю няўразлівасць.

“Некаторыя кіроўцы могуць ператварыць нармальнага інспектара ДАІ ў пачвару”

Існуе нават артыкул Адміністрацыйнага кодэкса, які дазваляе супрацоўнікам міліцыі пры здзяйсненні правапарушэнняў саскокваюць на дысцыплінарку. Калі ты абараняеш нейкую сферу і ў ёй жа парушаеш, то павінен несці двайную адказнасць. А ў нас наадварот.

Васіль Целагрэйкін

Еўрарадыё: Сапраўды, часта сутыкаемся з тым, што беларускія сілавікі відавочна парушаюць правы чалавека, але не нясуць за гэта ніякай адказнасці.

Васіль Целагрэйкін: Існуе нават артыкул 8.5 Адміністрацыйнага кодэкса, які па сутнасці дазваляе супрацоўнікам міліцыі пры здзяйсненні адміністрацыйных правапарушэнняў саскокваюць на дысцыплінарку. Яны не адказваюць перад законам, як звычайныя грамадзяне. Я лічу, што заканадаўства трэба змяніць. І калі правапарушэнне, якое тычыцца бяспекі дарожнага руху, здзяйсняе супрацоўнік ДАІ, то мера спагнання для яго павінна быць максімальнай. Калі лася ў лесе забіў ляснік, то лесніка — па максімуме. Калі рыбнагляд незаконна ловіць рыбу — іх таксама. Калі ты абараняеш нейкую сферу і ў ёй жа парушаеш, то павінен несці двайную адказнасць. А ў нас наадварот.

 

“Засталося пачакаць, калі старыя карчы сыдуць на пенсію”

Еўрарадыё: Што павінна здарыцца, каб беларуская ДАІ стала лепшай?

Васіль Целагрэйкін: Ёсць пэўнае звяно ў Дзяржаўтаінспекцыі, якое знаходзіцца трошкі вышэй за сярэдзіну. Гэта пакаленне старэйшых афіцэраў, якія ўжо граматныя, якія не з 90-х і не нясуць негатыў з мінулага стагоддзя. Гэта людзі, якія сябруюць з тэхналогіямі. Засталося пачакаць, калі старыя карчы сыдуць на пенсію і гэтая праслойка зойме сваё месца наверсе піраміды. Тады наступяць змены. Там мора адэкватных людзей, але яны кажуць: “Я ўсё разумею, гэтага інспектара звольніў бы, гэтага — пакараў, але кіраўніцтва звязвае мне рукі. Гэта не ў маёй кампетэнцыі”. Другое, я лічу, што шасцімесячныя курсы падрыхтоўкі інспектараў ДАІ — гэта лухта. У маладых людзей цягам шасці месяцаў толькі печань павялічваецца. Мы іх ловім пасля выпуску, задаём пытанні, яны увогуле ні ў зуб нагой. Іх нічому не вучылі. Гэтую сістэму падрыхтоўкі трэба змяніць. Калі б мне далі шэсць месяцаў паруліць такім спецкурсам, яны б у мяне былі такія малацы! І нахабнага кіроўцу, які раскачвае сітуацыю на дарозе, не ведаючы законаў, яны б за пояс запіхвалі. Карацей, я бачу хады, якія можна зрабіць. Але ж зразумейце, хто такі Целагрэйкін? Яго ўвогуле не існуе (сапраўднае імя блогера Аляксандр, — Еўрарадыё).

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі