Нельга толькі чытаць навіны. Хто ўзяўся зняць у Беларусі мастацкі фільм?
Адцягнем вашу ўвагу мастацтвам ад навін / pixabay
Нельга глядзець толькі ў навінавую стужку, трэба глядзець яшчэ і кіно.
І, каб беларусам было што глядзець восенню, трэба нешта зняць у ліпені, гаворыць у стрыме Еўрарадыё прадзюсар Леанід Каліценя. І прапануе валанцёрам паўдзельнічаць у здымках новага фільма. Вельмі незвычайнага фільма.
Рэжысёрам карціны выступіць беларускі пісьменнік Уладзімір Казлоў. Ён пачне рэалізоўваць свой план ужо ў гэтым месяцы.
Гэта будзе гісторыя пра лета 1989 года. Леанід Каліценя выступае супрадзюсарам фільма. Ён распавёў, чаму нельга ставіць крыж на прафесіі і трэба працягваць рабіць кіно нават у няпростых сацыяльна-палітычных умовах сучаснай Беларусі.
— Гэта будзе фільм пра эпоху, калі СССР яшчэ не памёр, але знаходзіўся на апошнім дыханні. Да незалежнасці заставалася два гады. Гэта значыць, у 1994 годзе гэтым хлопцам, героям фільма, будзе па 23 гады. І калі ўсвядоміць гэта, прасценькі сюжэт можна ўбачыць у іншым ракурсе, — распавёў у гутарцы з Еўрарадыё Каліценя.
Ён лічыць, што новы фільм дазволіць інакш зірнуць і на сучасную сітуацыю. Каліценя тут жа заклікае не называць Казлова расійскім рэжысёрам беларускага паходжання.
— Гэта беларускі рэжысёр. Гэтак жа, як і Дар'я Жук, якая здымае ў Нью-Ёрку, але застаецца беларускай рэжысёркай. Так, Казлоў зрабіў сваю кар'еру ў Расіі. Але рэжысёры, пісьменнікі, перакладчыкі кар'еру робяць там, дзе для гэтага ёсць магчымасці, а не там, дзе яны нарадзіліся. Творчасць — гэта глабальны працэс, зацыклівацца на месцы жыхарства не варта. Акрамя штампа ў пашпарце, у рэжысёра ніякіх "небеларускіх" рэчаў у карціне няма, — гаворыць суразмоўца Еўрарадыё.
Фільм будзе здымацца з нулявым бюджэтам. Каманда наскрэбла грошай "на ежу, на транспарт" і шукае валанцёраў. Але адсутнасць бюджэту не азначае, што ўсё несур'ёзна. Кастынг доўжыўся каля месяца, за гэты час прыйшло каля ста заявак.
— Беларусь багатая талентамі. Як ні дзіўна, і тэхнікай таксама багатая. Трэба проста рабіць. І наш праект будзе рабіцца нахабна: мы здымем поўны метр за восем дзён. Але для стылю, у якім здымае Уладзімір Казлоў, гэта правільна.
Каманда ўсё яшчэ шукае лакацыі: падыдзе бераг возера і пансіянат, які бясплатна падае свае тэрыторыі для размяшчэння каманды.
Каліценя рэзюмуе: самы час прапаноўваць незалежным інтэрнэт-пляцоўкам больш беларускага кіно.
— Да жніўня 2020 года Беларусь была краінай, у якой нічога не адбываецца. Трэба было выдумляць сацыяльныя сюжэты. А цяпер адкрываеш навінавую стужку — і бачыш па тры сюжэты на дзень.
Еўрапейскія тэлеканалы гатовыя супрацоўнічаць з беларускімі кінематаграфістамі. Самы час больш актыўна ўбудоўвацца ў сусветную інфраструктуру кінавытворчасці.
Больш падрабязна пра фільм і пра тое, чаму трэба працягваць здымаць кіно нават з лаўкост-бюджэтам, — на ютуб-канале Еўрарадыё.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.