New York Times паражэнню амерыканцаў ад беларусаў прысвяціла толькі 1 радок
У амерыканскіх выданнях амаль не асвятляюць чэмпіянат свету па хакеі.
У ЗША амаль ўсе хакейныя навіны і аналітыка прысвечаныя чэмпіянату НХЛ, дзе цяпер праходзяць паўфінальныя гульні. Пра паражэнне зборнай ЗША на чэмпіянаце свету тамтэйшыя выданні пішуць вельмі слаба.
Так, у The New York Times, гэтай падзеі прысвечаны толькі адзін радок.
“Беларусь упершыню перамагла ЗША з лікам 5-2 на чэмпіянаце свету па хакеі ў чэшскай Астраве”.
Больш разгорнуты матэрыял апублікаваны выданнем USA today.
“Каманда ЗША, якая займала ў групе першае месца, нечакана атрымала паражэнне з лікам 2-5 ад каманды Беларусі”.
Капітан амерыканскай зборнай Мэт Хэндрыкс заявіў: “Я думаў, што першыя 10 хвілін былі нашымі. Пасля чаго іх варатар зрабіў некалькі сэйваў і іх абарона ўдала трымала нас на адлегласці”, — цытуе словы капітана USA today.
Спецыяльны праект тэлеканала NBC “ProHockey Talk” таксама апублікаваў невялікі артыкул, прысвечаны паражэнню амерыканцаў пад загалоўкам “Непераможныя амерыканцы пацярпелі паражэнне ад Беларусі на чэмпіянаце свету”.
Шмат якія амерыканскія выданні ўвогуле не асвятляюць чэмпіянат свету па хакеі. Сярод іх такія папулярныя спартовыя медыя, як “CBS sports” ці нават “US news”.
Беларускія хакеісты сенсацыйна выйгралі на чэмпіянаце свету ў амерыканцаў
Фота: prosportslive.com