Ні адзін з дзяржаўных органаў не падтрымаў законапраект Ганны Канапацкай
Законапраект па зменах у выбарчым заканадаўстве, падрыхтаваны дэпутатам Палаты прадстаўнікоў ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганнай Канапацкай, не быў ухвалены Нацыянальным цэнтрам заканадаўства і прававых даследаванняў. Пра адсутнасць неабходнасці ва ўдасканальванні беларускага выбарчага заканадаўства гаворыцца і ў лістах дэпутату з Генпракуратуры, Цэнтрвыбаркама і ўсіх астатніх дзяржаўных устаноў, куды Канапацкая накіравала свой законапраект для ўхвалення.
Але гэта не азначае, што на прапанаваным ёй законапраекце можна ставіць крыж, заявіла Ганна Канапацкая ў эфіры Еўрарадыё.
Ганна Канапацкая: “Гэта азначае толькі тое, што я ўношу тыя тэхнічныя праўкі, якія не ўплываюць на сэнс і асноўныя палажэнні гэтага законапраекта ― я проста прыводжу яго ў адпаведнасць з дзеючымі на сёння заканадаўчымі актамі. І нанова накіроўваю яго ў Нацыянальны цэнтр заканадаўства. Я разлічваю, што ўжо на пачатку веснавой сесіі, якая пачынае працу 2 красавіка, я пакладу законапраект “Аб унясенні змен у выбарчае заканадаўства” на стол Палаты прадстаўнікоў. Нават, калі яго не ўхваліць ні адна з зацікаўленых дзяржаўных структур. І спадзяюся, што ў хуткім часе я выйду на трыбуну ў Авальнай зале і скажу: “Паважаныя дэпутаты! Нягледзячы на тое, што дзяржаўныя органы мой законапраект не падтрымалі, але яны ― выканаўчая ўлада, і не прадстаўляюць інтарэсы народа ў адрозненне ад вас, дэпутатаў. Вас абіраюць грамадзяне, і вы павінны ў іх запытаць, ці трэба ўносіць змены ў выбарчае заканадаўства”.
Па словах Ганны Канапацкай, галасуючы за яе законапраект, дэпутаты павінны кіравацца “палітычнай мэтазгоднасцю”. Па словах парламентарыя, менавіта хібы беларускай выбарчай сістэмы разам з наяўнасцю смяротнага пакарання, перашкаджаюць нам стаць паўнавартасным удзельнікам Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы.