Нідэрландскі еўрадэпутат: У мяне ёсць віза, але я не магу паехаць у Беларусь

Еўрапарламентарый патлумачыў Еўрарадыё, што візіт у Мінск адменены пасля напружанай размовы з беларускім міністрам замежных справаў. Аднак не выключыў, што афіцыйная сустрэча з беларускім парламентам можа адбыцца. Еўрадэпутаты збіраліся прыехаць з афіцыйным візітам, каб падтрымаць еўрапейскую палітыку па збліжэнні. У размове з Еўрарадыё нідэрландскі дэпутат, намеснік старшыні Партыі еўрапейскіх сацыялістаў Ян Марынус Віерсма патлумачыў, што яны вырашылі адкласці візіт, бо не гатовыя на афіцыйную сустрэчу з беларускімі дэпутатамі.

Ян Марынус Віерсма: “Мы арганізавалі праграму, якая ўключала розныя сустрэчы, у тым ліку са спадаром Мартынавым, а таксама нефармальную сустрэчу з беларускім парламентам. Урэшце рэшт у нас адбылася вельмі напружаная дыскусія з міністрам замежных справаў Беларусі. Таму што яны хацелі, каб мы сустрэліся з беларускім парламентам афіцыйна. Мы да такога не гатовыя — бо гэта будзе азначаць сустрэчу ў будынку парламента ў Мінску. Але таму што мы не прызналі апошнія парламенцкія выбары, вельмі цяжка мець афіцыйныя кантакты з беларускімі парламентарыямі, легітымнасць якіх мы не прызнаем. Таму мы вырашылі адкласці візіт. Пасля шмат год, калі мне не было дазволена наведваць Беларусь, мне нарэшце далі візу. Такім чынам, у мяне зараз ёсць віза, але я не магу паехаць у вашую краіну”.

На думку палітолага Сяргея Панькоўскага, гэта не значыць пахаладання ў беларуска-еўрапейскіх стасунках. Такім чынам Еўропа спрабуе паказаць, што ў нас застаюцца праблемы.

Сяргей Панькоўскі: “На мой погляд, гэта доказ таго, што ўсё ж такі каштоўнасці не знікаюць з поля зроку еўрапейскіх інстытутаў. Я не думаю, што гэта звязана з нейкімі радыкальнымі зменамі ва ўзаемаадносінах з Беларуссю. Гэта свайго роду сігнал. Я думаю, што гэта спроба так ці іначай прыцягнуць увагу беларускага рэжыму да еўрапейскіх каштоўнасцяў. З дапамогай заахвочвальных крокаў, альбо крокаў, якія ўказваюць, што гэтага яшчэ не адбылося”.

Дэкан Факультэта міжнародных адносінаў БДУ Віктар Шадурскі таксама лічыць, што гэта ўсяго толькі адзінкавы выпадак.

Віктар Шадурскі: “Наўрад ці можна гэты асобны эпізод разглядаць як пахаладанне ў адносінах. Ёсць жа графік сустрэчаў і г.д. Таму шмат дэлегацыяў еўрапейскіх структураў прыязджалі, мелі тут плённыя, насычаныя перамовы. Таму ў цэлым прагрэс заўважны”.

Тым больш не варта хвалявацца наконт пагаршэння двухбаковых стасункаў, што дыялог еўрапейскіх і беларускіх дэпутатаў можа быць эфектыўным нават на нефармальным узроўні, падкрэсліў у размове з Еўрарадыё Віктар Шадурскі.

Аднак Беларусь вось-вось увойдзе ва "Ўсходняе партнёрства". Еўрасаюзу ў кожным разе давядзецца кантактаваць з беларускімі парламентарыямі.

Ян Марынус Віерсма патлумачыў Еўрарадыё, што калі сітуацыя ў Беларусі значна палепшыцца, то еўрадэпутаты могуць пайсці і на афіцыйны дыялог з беларускімі дэпутатамі.

Ян Марынус Віерсма: “Мы паглядзім, калі сітуацыя ў Беларусі зменіцца нашмат. Калі будуць прынятыя новыя законы аб СМІ, грамадзянскай супольнасці, будзе змененае выбарнае заканадаўства… Магчыма, гэта будзе для нас матывам сказаць: ну, добра, у Беларусі зараз настолькі лепш, што мы зараз гатовыя на афіцыйную сустрэчу з беларускім парламентам”.

Хаця, на думку галоўнага рэдактара газеты “БДГ” Пятра Марцава, Еўрасаюзу яшчэ доўга будзе бракаваць дэмакратыі ў Беларусі.

Пётр Марцаў: “Беларусь яшчэ не зрабіла свой геапалітычны выбар. І зараз бачна, што Лукашэнка і ўлада мітусяцца. То бок, яны не разумеюць, якія прапановы прыняць. Канечне, для Еўрасаюза яшчэ доўгі час тут будзе вельмі мала дэмакратыі. А для Беларусі яе будзе зашмат”.

Варта зазначыць, што ў размове з Еўрарадыё Ян Марынус Віерсма штораз падкрэсліваў, што візіт еўрадэпутатаў у Беларусь не адменены, а толькі адтэрмінаваны.




Фота telegraf.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі