Нікому з украінскіх мігрантаў у Беларусі не далі статус бежанца
Хаця толькі ў Гомельскую вобласць прыехала ўжо каля тысячы ўкраінцаў.
Павялічваецца колькасць зваротаў ад украінцаў у беларускія органы па міграцыі. У адпаведныя службы толькі Гомельскай вобласці штодня звяртаецца да 20 украінскіх сем'яў, піша "Комсомольская правда".
Міжнародныя арганізацыі афіцыйна прызналі, што ў паўднёва-ўсходніх абласцях Украіны адбываецца ваенны канфлікт. Згодна з беларускім заканадаўствам, бежанцамі і тымі, хто мае патрэбу ў дадатковай абароне, прызнаюцца толькі жыхары Данецкай і Луганскай абласцей, якія прыбылі ў краіну. Такім людзям даецца статус бежанца, калі яны пераследаваліся ў сувязі з прыналежнасцю да пэўнай сацыяльнай групы — у сувязі з веравызнаннем, расай, нацыянальнасцю або грамадзянствам. Але на сёння ні адзін з грамадзян Украіны не прызнаны бежанцам, бо не падаў доказаў, што для гэтага ёсць падставы.
У гомельскай міліцыі кажуць, што нікому не адмовілі ў праве на працягу 30 сутак зарэгістравацца і атрымаць дазвол на працу. Ад пачатку года спецыяльныя дазволы на працаўладкаванне на Гомельшчыне атрымалі каля 1200 замежнікаў, з іх каля тысячы — украінцы.
Фота — yuga.ru