Ноч музеяў у Беларусі: рыцарскае шоу і экскурсія ад штучнага інтэлекту
"Ноч музеяў" у Беларусі / архіўнае фота Еўрарадыё
Сёння, 18 траўня, адзначаецца Мінжнародны дзень музея. Па традыцыі ў гэтыя дні ва ўсім свеце праходзіць “Ноч музеяў” — акцыя, калі экспазіцыі адкрытыя для наведнікаў усю ноч. Беларусь — не выключэнне, хоць у нас і па-свойму разумеюць, як трэба праводзіць акцыю: гэта часцей за ўсё “Вечар музеяў”.
Расказваем, якую сёлета праграму прапануюць беларускія музеі. Выбралі топ-10 мерапрыемстваў.
Мінск
Нацыянальны мастацкі музей (вул. Леніна, 20)
У Мастацкім музеі наведнікаў чакаюць: выступленне хору Polifonica, квэст па музеі, адкрыццё выставы, прысвечанай творчасці Станіслава Жукоўскага, майстар-класы па лінагравюры і кітайскай каліграфіі, канцэрт джазавай музыкі, лекцыі па мастацтве, паэтычны перформанс і шмат іншых цікавостак.
Уваход:
15 рублёў (дарослыя)
8 рублёў (навучэнцы)
Па карце НММ уваход вольны. Папярэдні продаж білетаў у касе музея — з 18 траўня.
Літаратурны музей Максіма Багдановіча (вул. М. Багдановіча, д. 7а)
Імпрэза “Самі з вусамі”, падчас якой можна даведацца, чым цяпер жыве музей знакамітага беларускага паэта. Паўдзельнічаеце ў майстар-класах і квэстах.
Уваход: 10 рублёў
5 рублёў — на мерапрыемствы праграмы з 17.00 да 17.30, з 0.00 да 02.00.
15 рублёў — агульны білет на наведванне праграм «Ноч музеяў» Літаратурнага музея Максіма Багдановіча і Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.
Літаратурны музей Петруся Броўкі (вул. К. Маркса, 30)
Літаратурны музей Петруся Броўкі прапануе занурыцца ў атмасферу 1920-х:
“Эпоха НЭПа, эпоха беларусізацыі, эпоха першых літаратурных арганізацый, росквіту паэзіі і агульнага культурнага ўздыму. Час, які прывёў не толькі Беларусь, але і ўвесь свет да эстэтыкі эклектызму: мадэрну і традыцыі, дэкадансу і росквіту, раскошы і беднасці, містыкі і навукі, мар і расчараванняў, бурапеннасці і стрыманасці, стылю і простасці”.
У гэтым дапамогуць музыка і кіно эпохі, перформансы, тэатралізаваныя чытанні вершаў, майстар-клас па факстроце і цікавыя лекцыі. Раскажуць нават пра сямейна-шлюбныя адносіны ў БССР тых часоў.
Білет — усяго 5 рублёў.
Беларусь-2223: экскурсія ад GPT4 (пр-т Незалежнасці, 25)
Музей архітэктурных мініяцюр "Краіна міні" прапануе экскурсію, якую падрыхтаваў штучны інтэлект. Зацаніце апісанне:
“У 2223 годзе Беларусь стала самай развітай ІТ-краінай і астраўком стабільнасці. Беларусы амаль дасягнулі неўміручасці дзякуючы тэхналогіям і медыцыне, жыхары ўсёй планеты мараць стаць грамадзянамі нашай краіны.
Вас чакае незабыўнае падарожжа ў свет тэхналогій і кіберпанку. Разам з Кіяну Рыўзам адправіцеся ў падарожжа праз час, даведаецеся пра гісторыю Беларусі, хараство Мірскага замка, Косаўскага палаца, тэатра оперы і балета і іншыя славутасці”.
Нават не ведаем, крынж гэта ці такі тонкі сцёб. Спраўдзіць можна будзе самастойна ад 20 траўня.
“Экскурсія бясплатная, дастаткова аплаціць толькі ўваходны білет 14 руб”, — гэта хіба таксама пісаў штучны інтэлект.
Гомель
Філіял Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый (пл. Леніна, 4)
Самую музейную ноч філіял Веткаўскага музея ў Гомелі пачне сустракаць апоўдні. Там можна будзе наведаць дзейныя выставы ў суправаджэнні куратараў і лектараў: “Спасава Слабада”, “Ecce homo. Уніяцкае мастацтва Беларусі”, “Кераміка і ЭТНАбатаніка”.
Таксама можна будзе пазнаёміцца з гадавым абрадавым і песенным цыклам Гомельшчыны: “Велікодны карагод”, “Сула”, “Юраўскі карагод”, “Пахаванне стралы” — і многімі іншымі.
Уваход: вольны / данат (ахвяраванне) любога памеру.
Віцебск
Музей Марка Шагала (вул. Савецкая, 25)
У праграме: квэсты па экспазіцыях выставаў “Марк Шагал. Мёртвыя душы” і “Козачка”, майстар-класы (роспіс тканіны, стварэнне мультфільмаў, выраб аўтарскіх свечак), кінапаказы.
Уваход вольны!
Жлобін
Жлобінскі гісторыка-краязнаўчы музей (вул. Першамайская, 87)
У Жлобіне пройдзе “Ноч у даспехах”. У праграме: сярэднявечныя гульні, квэст “У пошуках святога Грааля”, майстар-класы, паказ мультфільмаў і рыцарскае шоу.
Таксама можна паўдзельнічаць у конкурсе і атрымаць прыз за найлепшы касцюм, які адпавядае тэматыцы мерапрыемства.
Уваходныя білеты:
дарослы — 6 рублёў
дзіцячы — 4 рублі.
Навагрудак
Навагрудскі гістарычна-краязнаўчы музей (вул. Гродзенская, 2)
У праграме Навагрудскага гістарычна-краязнаўчага музея — міні-лекцыя “Беларуская міфалогія”, віктарына “Гісторыя сярэднявечча”, майстар-клас “Зрабі свайго нячысціка”, забаўляльны тэст “Хто ты са славянскай міфалогіі?”, пляцоўка з загадкамі “Сакрэты алхіміі”, пляцоўка рыцарскага клуба “Мэта”, прагулка па вечаровым Навагрудку.
Уваход вольны.
Іўе
Іўеўскі музей нацыянальных культур (вул. 17 Верасня, 9)
Іўеўскі музей нацыянальных культур запрашае ўзяць удзел у квэсце “Цывілізацыя”. Абяцаюць, што за гадзіну можна прайсці шлях ад першабытнаабшчыннага ладу да сучаснага грамадства.
Уваход вольны.
Гальшаны
Музей “Гальшанскі замак”
У Гальшанах прапануюць тэатралізаваны пралог “Гальшанскі замак вітае”, канцэрт класічнай музыкі, інтэрактыўную экскурсію “Тэрыторыя прывідаў”, кінапаказ пад адкрытым небам “Чорнага замка Гальшанскага”.
Уваходны білет:
6 рублёў — дарослы,
4 рублі — дзіцячы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.