Новыя дадзеныя пра рызыку сутыкнення 400-метровага астэроіда з Зямлёй
"Крымскі астэроід" выключылі са спісу асабліва небяспечных, дзе ён знаходзіўся ў апошнія тыдні.
Як паведамляла Еўрарадыё, астэроід, які атрымаў індэкс 2013 TV135, знайшлі на здымках зорнага неба, зробленых 12 кастрычніка Крымскай абсерваторыяй. Нябеснае цела, памер якога складае каля 410 метраў, навукоўцы першапачаткова аднеслі да класа патэнцыйна небяспечных астэроідаў. Мінімальная дыстанцыя паміж яго арбітай і арбітай Зямлі складае 0,012 астранамічнай адзінкі (1,7 млн кіламетраў).
Паводле папярэдніх разлікаў, 26 жніўня 2032 года гэты астэроід мог сутыкнуцца з Зямлёй з верагоднасцю 1 шанец на 63 тысячы. Сіла выбуху ў выпадку падзення 2013 TV135 на нашу планету ацэньваецца ў 2,5 тысячы мегатон у тратылавым эквіваленце. Аднак, паводле далейшых разлікаў, верагоднасць сутыкнення 400-метровага астэроіда з Зямлёй складала ўжо 1 шанец на 9,09 тысячы. Да 1 лістапада яна вырасла да 1 шанца на 5,9 тысячы.
Учора сталі вядомыя апошнія разлікі: навукоўцы з NASA знізілі верагоднасць сутыкнення ў 2032 годзе да 1 шанца на 345 тысяч, а ў 2047 годзе — да 1 шанца на 11,9 млн. А значыць, 2013 TV135 быў выключаны з ліку аб'ектаў, якія маюць ненулявы клас па Турынскай шкале небяспекі астэроідаў, інфармуе РІА "Новости".
Навукоўцы прапануюць паслаць "разведку" да 400-метровага астэроіда (фота)
Фота — NASA, ria.ru