N.R.M. просяць вярнуць залатыя скафандры
Праўда, пасля выступу на польскім фэсце музыкі абяцаюць вярнуць іх уладальнікам.
Гурт N.R.M. расшуквае залатыя скафандры, падораныя фэнам падчас “залатога” шэсця год таму.
“Праз месяц мы граем на фэсце Europejski Stadion Kultury ў польскім Жэшуве разам з гуртом Myslovitz, — тлумачыць Піт Паўлаў мэту пошукаў. — Мы іх возьмем для выступу і вернем. А за гэта падорым уладальнікам новую пласцінку і бясплатны ўваход на наступную “залатую” акцыю — мы неяк аддзячым гэтых людзей. Калі хоча капаць бульбу ў гэтым скафандры — калі ласка, але лепей удзельнічаць у гэтым абмене”.
Выступ N.R.M. і “Мыслоўца” адбудзецца 28 чэрвеня на Stadion Miejski. Падчас сэту палякі выканаюць “энэрэмаўскі” “Прамень”, а N.R.M. — беларускамоўную версію “мысловецкай” “Пэгі Браўн”. У вялікім канцэрце возьмуць удзел і іншыя незвычайныя дуэты: Zakopower & SunSay, Julia Marcell & Alina Orlova, Coma & Guano Apes і іншыя.
Фота: Юра Сідун