Някляеў: Сапраўдныя прэзідэнцкія выбары каштуюць каля 10 мільёнаў долараў
Цэнтравыбаркам прапануе павялічыць памер выбарчага фонду кандыдата ў прэзідэнты з 3 да 9 тысяч базавых велічынь.
На сёння 9 тысяч базавых велічынь — 900 мільёнаў рублёў. Гэта крыху больш за 100 тысяч долараў, як падлічыла Еўрарадыё. У 2010 годзе ў прэзідэнцкі фонд кандыдат мог пакласці 105 мільёнаў рублёў, альбо каля 35 тысяч долараў.
Лідар кампаніі “Гавары праўду!” Уладзімір Някляеў 105 мільёнаў рублёў сабраў. Але ў тым, што зможа сабраць амаль мільярд, не ўпэўнены.
Уладзімір Някляеў: “Гэта вельмі складана насамрэч. Тым больш, што ўсе гэтыя збіранні не абстаўленыя адпаведнымі ўмовамі”.
Тым не менш палітык упэўнены, што для паўнавартаснай выбарчай кампаніі кандыдату ў прэзідэнты неабходна значна больш грошай. І ў якасці прыкладу ён прыводзіць нядаўнія выбары ў Балгарыі. Там апазіцыйны кандыдат на сваю выбарчую кампанію патраціў 10 мільёнаў долараў.