"Нёман" і "Мінск" згулялі ўнічыю 1:1
21 верасня прайшлі апошнія два матчы 20-га тура чэмпіянату Беларусі па футболе ў вышэйшай лізе. Мінскае "Дынама" і "Віцебск" згулялі ўнічыю 0:0. Цяжкую траўму на 67-й хвіліне атрымаў румынскі легіянер дынамаўцаў Аляксандру Някша.
Гродзенскі "Нёман" прымаў "Мінск". Калі б госці выйгралі, яны дагналі б у турнірнай табліцы мінскае "Дынама". І ўсё ішло да гэтага — на 38-й хвіліне Быкаў адкрыў лік і ён не змяняўся 50 хвілін. І толькі ў самым канцы паядынка Кавалёнак выратаваў адно ачко для "Нёмана" — 1:1.
Іншыя матчы тура прайшлі ў суботу і нядзелю. БАТЭ адолеў жодзінскае "Тарпеда-БелАЗ" — 1:0, бабруйская "Белшына" выйграла ў салігорскага "Шахцёра" — 3:1, а "Гомель" прайграў мікашэвіцкаму "Граніту" — 1:2, "Слуцк” згуляў унічыю 1:1 з брэсцкім “Дынама”, мазырская “Славія” саступіла ў сябе дома “Нафтану” — 0:3.
У чэмпіянаце Беларусі лідыруе БАТЭ — 49 ачкоў. Яго адрыў ад мінскага "Дынама" ўжо складае 10 ачкоў. На трэцім месцы знаходзіцца "Мінск" з 37 ачкамі. 21 тур пачнецца 25 верасня, калі сустрэнуцца "Мінск" і БАТЭ.
Фота: ria.ru