NYT: Ізраіль адклаў маштабную атаку на сектар Газа праз дрэннае надвор'е
Ізраільскія салдаты ў суботу грузяць снарады на танк напярэдадні магчымага ўварвання ў сектар Газа
Ізраіль павінен быў пачаць наземную аперацыю ў сектары Газа 14-15 кастрычніка, але перанёс яе на некалькі дзён. Сярод прычын — дрэннае надвор'е, паведамляе The New York Times са спасылкай на крыніцы ў Арміі абароны Ізраіля.
Воблачнае надвор'е ўскладняе працу Ізраільскім пілотам і аператарам дронаў. Яны павінны падтрымліваць наземную аперацыю з паветра.
Ізраіль плануе задзейнічаць дзясяткі тысяч салдат сухапутных войскаў, сапёраў, спецназаўцаў, танкі, артылерыю і авіяцыю. Ваенныя абвясцілі, што іх мэтай з'яўляецца знішчэнне вышэйшых палітычных і ваенных прадстаўнікоў ХАМАС.
Чакаецца, што гэта будзе самая буйная наземная аперацыя Ізраіля з часоў яго ўварвання ў Ліван у 2006 годзе. Па словах трох старэйшых афіцэраў, гэта будзе першая спроба захапіць і хаця б ненадоўга ўтрымаць тэрыторыю пасля ўварвання ў Газу ў 2008 годзе.
З-за падрыхтоўкі да аперацыі ЦАХАЛ заклікаў 1,1 мільёна палестынцаў эвакуявацца на поўдзень. У ААН лічаць, што немагчыма правесці такую эвакуацыю "без разбуральных гуманітарных наступстваў".
У мінулыя выходныя ў Ізраілі было забіта больш за 1300 чалавек падчас атакі ХАМАС.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.