Па расійскім тэлеканале ўжо распавядаюць пра Пуціна ў будучыні (відэа)
Знікненне на тыдзень з тэлеэкранаў расійскага прэзідэнта дало падставу для з'яўлення чутак пра яго хваробу. Здарыліся і кур'ёзы.
Тэлеканал "Расія-24" паведаміў 13 сакавіка ў жывым эфіры, што прэзідэнты Расіі і Кыргызстана Уладзімір Пуцін і Алмазбек Атамбаеў ўжо сустрэліся ў Санкт-Пецярбургу. І гэта пры тым, што самі перамовы запланаваны на... 16 сакавіка, адзначае "Дождь".
"Прэс-служба Крамля таксама паведамляе, што ў панядзелак Уладзімір Пуцін сустрэўся з прэзідэнтам Кіргізіі Алмазбекам Атамбаевым, на парадку былі пытанні супрацоўніцтва ў гандлёва-інвестыцыйнай і гуманітарных абласцях, а таксама ў сферы энергетыкі. Гаворка ішла таксама аб далучэнні Кіргізіі да Еўразійскага эканамічнага саюза", — такое паведамленне зачытала вядучая.
На выхад сюжэту звярнулі ўвагу і іншыя журналісты, у прыватнасці, карэспандэнт "Эхо Москвы" Уладзімір Варфаламееў, які размясціў відэа ў сваім фэйсбуку.
Як інфармуе ВВС, у такім выглядзе навіна выходзіла ў эфір двойчы: у 13:00 і ў 14:00 паводле маскоўскага часу.
Нагадаем, пасля знікнення з тэлеэкранаў Пуціна здарылася некалькі кур'ёзных здарэнняў. Сайт Крамля апублікаваў навіну пра сустрэчу прэзідэнта, якая насамрэч адбылася яшчэ 4 сакавіка. 13 сакавіка на афіцыйным партале з'явіліся фота сустрэчы Уладзіміра Пуціна і старшыні Вярхоўнага суда Вячаслава Лебедзева ў Нова-Агарова. Аднак у праўдзівасць гэтага фота не ўсе вераць.
Пуцін сапраўды можа хварэць: прэс-служба Крамля надрукавала старое фота
Фота: bymedia.net