Пад Гомелем па патрабаванні Мінабароны перасталі выдаваць участкі пад забудову
Прыбар / glubinka.by
У некаторых вёсках Прыбарскага сельсавета пад Гомелем з вясны 2023 года мясцовыя ўлады сталі адмаўляць грамадзянам у выдачы зямлі пад забудову. Пра гэта "Флагштоку" расказаў адзін з мясцовых жыхароў.
Журналіст ад імя жыхара Гомельскага раёна затэлефанаваў у Прыбарскі сельсавет і пацікавіўся, ці можна цяпер атрымаць зямлю пад забудову.
У сельсавеце яму адказалі так: "У Рандаўцы ў нас ёсць ўчасткі... У Прыбары і Піянеры ў нас забарона... Такая вось забарона. У нас вайсковая часць размешчаная на тэрыторыі нашага сельсавета. Цяпер гэтым кіруе Міністэрства абароны".
Каля Прыбара размяшчаецца ваенная часць 1393 — артылерыйская база боепрыпасаў Мінабароны Беларусі. У 2022 годзе ў першыя месяцы расійскага ўварвання ва Украіну з тэрыторыі гэтай вайсковай часці мясцовыя жыхары перыядычна чулі гукі выбухаў. Аднак паведамленняў пра надзвычайныя сітуацыі не было.
Паводле інфармацыі маніторынгавай групы "Беларускі Гаюн", беларускае Мінабароны плануе недалёка ад Прыбара пачаць маштабнае будаўніцтва — на тэрыторыі старых піянерлагераў каля скрыжавання трас М8 і М10. Аб'ект можа будавацца для сіл спецыяльных аперацый УС. Пра гэта на думку аналітыкаў, сведчыць тое, што ва ўсіх дакументах на закупку будаўнічы аб'ект называецца як ВГ/ССА, дзе ВГ — гэта вайсковы гарадок, а ССА, верагодна, — сілы спецыяльных аперацый.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.