Пад Гомелем пахавалі беларуса, забітага на Майдане
Пахаванне адбылося ў вёсцы Сцяг Працы каля 20-й гадзіны, у цемры.
Труну з целам Міхаіла Жызнеўскага на некалькі гадзін затрымалі на мяжы беларускія памежнікі. Аднак блізкія Міхаіла і актывісты, якія прыехалі на пахаванне, заставаліся на месцы.
Як інфармуе Радыё "Свабода", на могілкі труну прывезлі прыкладна ў 19.30. Развітанне з загінулым адбывалася пры святле фараў. Цела Жызнеўскага было пакрытае чырвона-чорным сцягам УНА-УНСО — ва Украіне хлопец уваходзіў у гэтую арганізацыю. Прысутныя, некалькі дзесяткаў чалавек, трымалі бел-чырвона-белыя сцягі ды ўкраінскія.
Святар Леанід Акаловіч каля 20-й скончыў адпяванне словамі:“Раб божы, які нарэшце вярнуўся на родную зямлю, няхай зямля яму будзе пухам“. Да труны Жызнеўскага прымацавалі бел-чырвона-белы сцяг.
Нагадаем, што ўраджэнец Гомельшчыны загінуў на Майдане 22 студзеня. Да гэтага Міхаіл некалькі гадоў жыў ва Украіне.
Фота — racyja.com