Падчас Алімпіяды ў Луўры будуць праходзіць трэніроўкі — #ІхНоравы

Парыж рыхтуецца ангажаваць у спорт літаральна ўсіх

Парыж рыхтуецца ангажаваць у спорт літаральна ўсіх / @rubanau_collage

Новы прэзідэнт Аргентыны абяцаў нармалізаваць эканамічнае становішча краіны і зменшыць дзюры ў бюджэце. Але падобна, што стаў не на тую сцежку, прапанаваўшы парэзаць фінансаванне на адукацыю. Цяпер амаль мільён аргентынцаў спрабуе давесці яму, што ён не мае рацыі.

Венецыя імкнецца пазбавіцца ад натоўпаў на вуліцах і ўводзіць аплату нават за пару гадзінаў у горадзе на каналах. Ну а Парыж змірыўся з тым, што на Алімпіяду прыедзе процьма людзей — і запрашае іх сумясціць прыемнае з карысным. Напрыклад, зрабіць расцяжку на фоне шэдэўраў жывапісу.

Пра гэта — у нашым штодзённым аглядзе сусветных навін.

Студэнты і выкладчыкі ў Аргентыне просяць грошы на вуліцах

Больш за 800 тысяч пратэстоўцаў у Буэнас-Айрэсе выйшлі на дэманстрацыю супраць скарачэння выдаткаў на адукацыю. Студэнты і супрацоўнікі ВНУ мітынгуюць ля палаца прэзідэнта Хаўера Мілея. Плануючы аптымізаваць бюджэтныя выдаткі, ён прапанаваў залезці ў кішэні выкладчыкаў.

Тыя такім чынам могуць страціць да 35% заробку. А студэнты не хочуць, каб адукацыя стала платнай. І наадварот, заклікаюць да інвестыцый ў навуку.

Падчас Алімпіяды ў Луўры будуць праходзіць трэніроўкі — #ІхНоравы
Аргентынцы абараняюць адукацыю / Guadalupe Lombardo/ www.pagina12.com.ar

“Мы выступаем за абарону доступу да дзяржаўнай вышэйшай адукацыі як за права. Мы верым ва ўраўнавальную здольнасць бясплатнай дзяржаўнай адукацыі, у пераўтваральную сілу ўніверсітэта як магутнага інструмента павышэння сацыяльнай мабільнасці, а таксама ў дыферэнцыраваны і значны ўклад навуковай вытворчасці”, — кажа прэзідэнтка Аргентынскай федэрацыі ўніверсітэтаў П'ера Фернандэс дэ Пікалі.

Пабачыць Венецыю — і заплаціць

З 25 красавіка гарадскія ўлады Венецыі ўводзяць аплату за наведванне горада. Нават калі вы прыязджаеце на адзін дзень — мусіце заплаціць 5 еўра. Правіла дзейнічае з 8:30 да 16:00. І пакуль што ў абмежаваныя даты — са дня Святога Марка 25 красавіка да 14 ліпеня.

Пацвердзіць аплату зможа адмысловы QR-код, які будуць правяраць кантралёры. Няма білета — рыхтуйцеся заплаціць штраф ад 50 да 300 еўра.

Бясплатна прыязджаць у Венецыю могуць жыхары і ўладальнікі нерухомасці, студэнты і працоўныя з прыгарадаў. Тыя, хто спыніўся ў Венецыі ў апартаментах або гатэлі, і так ужо плацяць турыстычны падатак ад 1 да 5 еўра за дзень.

Гэтая мера, як чакаюць улады, нарэшце дапаможа прынесці спакой венецыянцам. У гістарычным цэнтры іх жыве каля 50 тысяч, а турыстаў штогод прыязджае каля 30 млн. Тамтэйшыя ад іх проста стаміліся.

Арганізаваць сістэму аплаты, шыльды з інфармацыяй пра платныя дні і гадзіны, камеры відэаназірання, заробак кантралёрам і гэтак далей абышлося гораду ў 3 млн еўра.

Парыж запрашае на зарадку ў музеі

У беларускіх музеях супрацоўнікі пільна сочаць за тым, каб наведвальнік, не дай бог, не падняў руку пачухаць патыліцу і не парушыў парадак ва ўстанове. А вось Луўр у Парыжы, найбуйнейшае сховішча знакамітых сусветных шэдэўраў, запрашае на заняткі танцамі, ёгай і спартыўныя трэніроўкі ў сваіх галерэях. 

Падчас Алімпіяды ў Луўры будуць праходзіць трэніроўкі — #ІхНоравы
Хіба можна сабе такое ўявіць у Беларусі? / www.louvre.fr

Так музей ангажаваўся ў Алімпійскі рух.

“Фізічна Луўр знаходзіцца ў цэнтры Парыжа. І ён будзе ў цэнтры Алімпійскіх гульняў”, — кажа кіраўнік галерэі Лоўрэнс дэ Карс.

Мэрыя горада паставіла сабе за мэту захапіць спортам літаральна кожны куточак Парыжа. Хоць бы падчас Алімпіяды: “Упершыню ў гісторыі горад-арганізатар імкнецца стварыць народныя гульні, у якіх алімпійскі энтузіязм можна будзе падзяліць як на месцах правядзення спаборніцтваў, так і за межамі стадыёнаў, у самым цэнтры горада, у кожным раёне".

Апошні раз Алімпійскія гульні праводзіліся ў Парыжы 124 гады таму. Сёлета яны пройдуць з 26 ліпеня да 11 жніўня, а Паралімпійскія гульні  — з 28 жніўня да 8 верасня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі