Палітвязня Мікалая Статкевіча перавялі ў магілёўскую турму
Там ён будзе адбываць рэшту свайго пакарання — 1 год і 7 месяцаў.
Палітвязня Мікалая Статкевіча этапавалі ў магілёўскую турму №4. Там ён павінен быць да канца тэрміну свайго пакарання — 1 год і 7 месяцаў. Пра гэта тэлеканалу "Белсат" паведаміла жонка палітвязня Марына Адамовіч.
"Пра дату этапу мне гаварыць у калоніі адмовіліся, але мяркую, гэта адбылося ў той жа дзень, калі адбыўся суд, дакладней, у ноч з 4-га на 5-га траўня. Бо, наколькі мне вядома, у іх этапы па панядзелках. Дый спяшаліся ж завершыць суд у адзін дзень нездарма", — кажа Адамовіч.
Нагадаем, што Статкевіч — адзіны з кандыдатаў у прэзідэнты 2010 года, які дагэтуль застаецца за кратамі. Ён асуджаны на шэсць гадоў пазбаўлення волі. Палітвязню неаднойчы прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі, але ён адмаўляецца.
Новы адрас, на які можна адпраўляць лісты і тэлеграмы: 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99а, СТ-4, каранцін, Мікалаю Статкевічу