Палонныя расійскія вайскоўцы далі паказанні ўкраінцам (фота, відэа)
Контрразведчыкі СБУ ў баю каля горада Шчасця захапілі афіцэра і сяржанта Узброеных сілаў Расіі.
У палон да ўкраінскіх сілавікоў трапілі два расійскія вайскоўцы — капітан 3-й брыгады спецназу Узброеных сілаў Расіі Яўген Ерафееў і сяржант Аляксандр Аляксандраў. Здарылася гэта ўдзень 16 траўня ў раёне Луганскай ЦЭС у горадзе Шчасце Луганскай вобласці (гэта тэрыторыя, якую кантралююць украінскія сілавікі). Туды прыйшоў разведвальны атрад сілаў спецыяльнага прызначэння УС Расіі колькасцю да 30 чалавек. Распачаўся бой. Баявая група Дэпартамента контрразведкі СБУ і байцы 92-й асобнай механізаванай брыгады адбілі атаку. Загінуў адзін украінскі вайсковец, быў паранены адзін супрацоўнік СБУ.
Дваіх палонных расіян завезлі ў бальніцу ў Краматорск, дзе ім зрабілі аперацыі. Яны назвалі сваё падраздзяленне — 3-я асобная гвардзейская Варшаўска-Берлінская Чырвонасцяжная ордэна Суворава III ступені брыгада спецыяльнага прызначэння ГРУ Генштабу Узброеных сілаў Расіі (в/ч 21208 г. Тальяці). Паводле слоў палонных, яны прыбылі на падкантрольную баевікам тэрыторыю ў сакавіку 2015-га ў складзе аднаго з падраздзяленняў брыгады, выконвалі баявыя разведвальна-дыверсійныя заданні супраць украінскіх войскаў.
Як паведамляе сайт censor.net.ua, 16 траўня расійскія вайскоўцы атрымалі заданне правесці разведку Луганскай ЦЭС з мэтай яе далейшага захопу.
Нагадаем, Расія адмаўляе, што яе вайскоўцы ваююць на Данбасе. Прадстаўнікі так званай "Луганскай народнай рэспублікі" заявілі сёння, што ў палон да ўкраінцаў трапілі "два байцы Народнай міліцыі "ЛНР".
На галоўным здымку камандзір разведвальнай групы капітан Яўген Ерафееў, 1985 г. н., ураджэнец г. Куйбышаў, пазыўны "Дэльфін". На другім фота — сяржант-кантрактнік Аляксандр Аляксандраў, 1987 г. н., ураджэнец г. Паўднёва-Сахалінска, пазыўны "Алекс".
Фота: censor.net.ua