Паляка, які п'яным заехаў у Беларусь па-за пунктам пропуску, асудзілі на паўгода
На шэсць месяцаў калоніі агульнага рэжыму асудзіў суд Свіслацкага раёна паляка, які незаконна пераехаў мяжу Беларусі, паведамляе БЕЛТА. Сам мужчына сваю віну прызнаў.
Акрамя пазбаўлення волі яму прызначылі прымусовыя меры лячэння ад алкагалізму. Прысуд не набыў законную моц.
Здарэнне адбылося 15 траўня. Грамадзянін Польшчы на аўто заехаў у Беларусь па-за пунктамі пропуску праз участак зялёнай мяжы. Звесткі пра гэта атрымалі памежнікі адной з застаў у Свіслацкім раёне. Пры праверцы памежнікі знайшлі за 500 метраў ад мяжы аўтамабіль Opel. У ім быў п'яны 45-гадовы грамадзянін Польшчы, які не змог патлумачыць прычыны свайго ўчынку.