PandaDoc закрывае офіс у Мінску

Адзін з затрыманых менеджараў мінскага офіса PandaDoc застаецца пад вартай / Еўрарадыё​
Адзін з затрыманых менеджараў мінскага офіса PandaDoc застаецца пад вартай / Еўрарадыё​

IT-кампанія PandaDoc, якая ўваходзіць у топ-500 высокатэхналагічных кампаній Паўночнай Амерыкі, якія найбольш дынамічна развіваюцца, закрывае офіс у Мінску, паведамляе выданне dev.by. Кампанія была заснаваная беларусамі Сяргеем Барысюком і Мікітам Мікада ў 2011 годзе і з часам стала адным з лідараў у сваёй прадуктовай нішы — яна стварае прадукт для аўтаматызацыі дакументаабароту і адсочвання гандлёвай дакументацыі.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў заснавальнікі кампаніі заявілі пра гатоўнасць дапамагчы грашыма сілавікам, якія вырашаць змяніць прафесію. Пасля гэтага ў PandaDoc у Мінску пачаліся непрыемнасці. 2 верасня ў мінскім офісе прайшлі ператрусы. 7 з 20 супрацоўнікаў былі затрыманыя для допыту. Чацвёра сталі фігурантамі крымінальнай справы. Спачатку іх падазравалі ў крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, затым абвінавацілі па артыкуле "Махлярства".

Заснавальнікі кампаніі звязвалі крымінальны пераслед сваіх супрацоўнікаў у Мінску з праектам дапамогі сілавікам. 15 верасня Мікіта Мікада абвясціў аб прыпыненні праекта.

У кастрычніку тром з чатырох затрыманых супрацоўнікаў PandaDoc у Мінску змянілі меру стрымання: дырэктара Дзмітрыя Рабцэвіча выпусцілі з СІЗА КДБ пад хатні арышт, а галоўнага бухгалтара Юлію Шардыка і HR Уладзіслава Міхалапа адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. 

Пад вартай застаецца менеджар па прадукце Віктар Куўшынаў. Жонка Куўшынава Аляксандра Дзікан у інтэрв'ю Еўрарадыё выказвала здагадку, што яе муж застаецца пад вартай "з прычыны яго незалежнай грамадзянскай пазіцыі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі