Траіх з PandaDoc выпусцілі, а чацвёртага — не. Чаму?
Віктар Куўшынаў / youtube.com
У пачатку верасня чатырох супрацоўнікаў PandaDoc узялі пад варту і абвінавацілі ў махлярстве. У кастрычніку, пасля візіту Аляксандра Лукашэнкі ў СІЗА КДБ, трое з іх выйшлі на волю. Ім змянілі меру стрымання на падпіску аб нявыездзе.
За кратамі з каманды PandaDoc застаецца толькі менеджар па прадукце Віктар Куўшынаў. Ягоная жонка феміністка Аляксандра Дзікан расказвае Еўрарадыё, што гэта можа быць звязана з яе актыўнасцю:
— У верасні пачалі капаць пад мой Цэнтр па прасоўванні правоў жанчын "Яе правы". Тады знялі сюжэт на дзяржаўным тэлебачанні, быццам мы тут з дапамогай PandaDoc спансуем жаночыя пратэсты. Цэнтр выступіў з абвяржэннем.
Куўшынаў, па словах жонкі, па працы наогул не меў дачынення да адміністрацыйнай часткі PandaDoc і не судакранаўся з фінансамі і бухгалтэрыяй. Віктар адказваў за стратэгію і развіццё ІТ-прадукту, "гэта значыць да самога абвінавачання ён не мае дачынення".
Калі з СІЗА выйшаў Дзмітрый Рабцэвіч, а пасля — Юлія Шардыка і Уладзіслаў Міхалап, жонка Куўшынава вельмі спадзявалася, што хутка ўбачыць яго дома. Але пакуль навін пра тое, што менеджару PandaDoc таксама плануюць змяніць меру стрымання, няма.
— Адвакат падае хадайніцтвы, скаргі, але мы разумеем, што гэта дрэнна працуе ў нашай краіне. Павінна быць палітычная воля аднаго чалавека. Калі хлопцаў і дзяўчат адпусцілі, я чакала такіх навін пра Віктара кожны дзень. Гэта такі здзек.
Я думаю, Віктар застаецца ў СІЗА праз яго незалежную грамадзянскую пазіцыю. Ён адмаўляецца што-небудзь падпісваць і лжэсведчыць, здымацца ў роліках БТ. Віктара не атрымліваецца прыструніць, запалохаць, — лічыць Аляксандра.
Дзікан дадае, што спачатку на фігуранта справы PandaDoc ціснулі пагрозамі, якія датычацца ягонай сям'і. Тады Куўшынаў папрасіў Аляксандру з дзіцем з'ехаць з краіны.
Яна ўпэўненая, што праз справу PandaDoc ІТ-супольнасць Беларусі губляе многіх прафесіяналаў.
— Многія з'язджаюць, многія плануюць з'ехаць, бо не адчуваюць сябе ў бяспецы. Нас, вядома, вельмі падтрымліваюць. У ІТ-сферы Беларусі такіх людзей, як мой муж, вельмі мала. Ён стараўся развіваць ІТ у Беларусі і гадаваць крутых спецыялістаў менавіта тут, а не ў Польшчы, Украіне і гэтак далей.
Улетку заснавальнікі кампаніі PandaDoc Сяргей Барысюк і Мікіта Мікада стварылі ініцыятыву па зборы грошай для дапамогі сілавікам, якія вырашылі змяніць прафесію. Менавіта з гэтым праектам фаўндары PandaDoc звязваюць крымінальны пераслед іх супрацоўнікаў. Пасля таго як чацвярых работнікаў кампаніі ўзялі пад варту, Мікіта Мікада прыпыніў ініцыятыву:
— Калі мэтай было спыніць дапамогу тым сілавікам, што звольніліся, якую аказваў асабіста я, то так, улада дамаглася сваіх мэт. Я не хачу, каб яшчэ кагосьці не датычнага да маёй ініцыятывы пасадзілі ў турму, — адзначыў у інтэрв'ю BBC Мікада.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.