Партыя БНФ возьме ўдзел у мясцовых выбарах

Партыя БНФ мае намер узяць актыўны ўдзел у выбарах у мясцовыя саветы, якія пройдуць у Беларусі вясной 2010 года. Пра гэта заявіў 31 кастрычніка ў Мінску на сойме партыі яе старшыня Аляксей Янукевіч. Паводле яго слоў, Партыя БНФ будзе браць удзел у выбарах для вырашэння наступных задач: атрымання рэальнай падтрымкі партыйных кандыдатаў з боку грамадства; папулярызацыі праграмы партыі; развіцця мясцовых партыйных структур.

Агенцтва "БелаПАН" паведамляе, што арганізацыйныя структуры партыі павінны да 23 лістапада прадставіць папярэднія спісы кандыдатаў у дэпутаты, а да 15 снежня — прапановы па вылучэнні прадстаўнікоў партыі ў склад выбарчых камісій. Сойм прыняў рашэнне, што кандыдаты ад Партыі БНФ, а таксама яе рэгіянальныя структуры не могуць удзельнічаць у выбарчых кампаніях, пакуль іх не зацвердзяць кіруючыя ворганы партыі.

Сойм Партыі БНФ пакідае за сабой права адмовіцца ад удзелу ў выбарчай кампаніі ў тым выпадку, калі не будзе зменена выбарчае заканадаўства, а таксама ў выпадку, калі змяненні не будуць істотнымі або не будуць накіраваныя на рэальнае змяненне практыкі правядзення выбараў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі