Партызанскі марш у фотаздымках: плакаты, сцягі і хваля людзей
Плакат на Партызанскім маршы ў Мінску 18 кастрычніка 2020 года / Еўрарадыё
18 кастрычніка ў Мінску і іншых беларускіх гарадах прайшоў Марш партызанаў. У сталіцы яго ўдзельнікі прайшлі па Партызанскім праспекце.
Пачыналася ўсё як звычайна ў апошнія 11 нядзель 2020 года: з раніцы ў горад сцягнулі спецтэхніку — "Рубяжы", вадамёты, аўтазакі, бусы з сілавікамі без апазнавальных знакаў. У раёне 14:00 з'явіліся паведамленні пра кропкавыя затрыманні ў розных раёнах горада. А потым — пра мора людзей, якія ідуць уздоўж Партызанскага праспекта.
У раёне станцыі метро "Аўтазаводская" шлях пратэстоўцам перагарадзіў кардон сілавікоў. Паведамляецца аб ужыванні праваахоўнікамі спецсродкаў: былі чутныя стрэлы і хлапкі. МУС прызналася, што выкарыстала гумовыя кулі, але толькі ўверх, каб разагнаць агрэсіўна настроены натоўп, які нібыта кідаўся камянямі. Але натоўп развярнуўся і пайшоў у адваротны бок, скандуючы "Пайшоў прэч ты і твой АМАП!".
У спісе затрыманых па краіне праваабарончага цэнтра "Вясна" — больш за 80 прозвішчаў. Сярод іх зноў журналісты — Арцём Маёраў ("Беларусы і рынак"), фатограф "Бінокля" і "Брэсцкай газеты" Раман Чмель, пазаштатнік "Брэсцкай газеты" Максім Хлябец, аператар Алесь Любянчук — у РУУС Завадскога раёна на яго склалі пратакол за "непадпарадкаванне". У Гомелі, напрыклад, затрыманні прайшлі без маршу. У Брэсце па Савецкай прайшоў нешматлікі марш. Але ён таксама скончыўся хапуном. Таксама вядома пра затрыманні ў Віцебску, Навагрудку, Светлагорску, Дзяржынску.
Як прайшоў 71-ы пратэстны дзень у Мінску — глядзіце ў рэпартажы Еўрарадыё, зробленым з дапамогай нашых слухачоў, за што ім вялікі дзякуй!
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.