Пасля чутак пра інсульт БЕЛТА паказала фатаграфіі Лукашэнкі
31 ліпеня на сайце афіцыйнага інфармагенцтва БЕЛТА з'явілася першая за апошнія дні навіна пра Аляксандра Лукашэнку.
Напярэдадні ў СМІ ды інтэрнэце абмяркоўваліся чуткі пра нібыта інсульт у кіраўніка Беларусі. Яго прэс-сакратар Наталля Эйсмант абвяргала гэтыя чуткі. Аднак некаторыя СМІ звярнулі ўвагу, што ў вечаровым тэлеэфіры кіраўніка Беларусі не паказалі і ніводнай навіны з ім не з'явілася.
Сёння, як паведамляецца, Лукашэнка прыняў з дакладам старшыню Мінскага аблвыканкама Анатоля Ісачэнку. Яны абмеркавалі ўборачную кампанію ў рэгіёне, развіццё мяса-малочнага комплексу і дарожнага будаўніцтва.
Лукашэнка адзначыў, што сёлета ўраджай збожжа будзе меншы, чым у 2017 годзе. Вялікую надзею ён ускладае на ўраджай кукурузы: "Думаю, нам трэба спадзявацца сёлета — усё ж такі кукурузны год — на тое, што мы мільён тон кукурузы, а можа быць, і больш, збярэм і тым самым папоўнім недабор па хлебе".