Пасля нападаў у Расіі гарэў чарговы НПЗ, ва ўкраінскім Харкаве — жылыя дамы
Харкаў пасля расійскай атакі
У Расіі ноччу гарэў чарговы нафтаперапрацоўчы завод. Пажар здарыўся ў Калужскай вобласці. Па словах мясцовых уладаў, ён пачаўся пасля атакі дрона.
"Трапленне беспілотніка справакавала ўзгаранне ёмістасці з мазутам і трох ёмістасцяў з дызпалівам", піша расійскае агенцтва РИА Новости са спасылкай на звесткі экстранных службаў. "На гэты момант пажар ліквідаваны. Паводле папярэдніх звестак, пацярпелых няма. Праводзіцца ацэнка памеру пашкоджання інфраструктуры прадпрыемства...", - напісаў раніцай у Telegram губернатар Калужскай вобласці Уладзіслаў Шапша. Са слоў расійскага Мінабароны, мінулай ноччу было знішчана "пяць украінскіх БПЛА": тры – над тэрыторыяй Бранскай вобласці, адзін – над тэрыторыяй Маскоўскай вобласці і адзін над тэрыторыяй Белгародскай вобласці.
Расія мінулай ноччу нанесла па Украіне камбінаваны ўдар з выкарыстаннем беспілотнікаў Shahed і зенітных кіраваных ракет С-300/С-400. Пра гэта паведаміў камандуючы паветранымі сіламі УСУ генерал-лейтэнант Мікалай Паляшчук. Паводле яго слоў, было 10 дронаў, яны былі запушчаныя з тэрыторыі акупаванага Крыма, дзве ракеты прыляцелі з Белгародскай вобласці.
Адной з мэтаў гэтай атакі стаў жылы раён Харкава. Удар быў нанесены каля трох гадзін ночы. Загарэліся тры прыватныя дамы, а ўсяго пашкоджаныя 12 домаўладанняў. Пацярпелі два чалавекі: дзіця 11 гадоў і 72-гадовая жанчына.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.