Пасля закрыцця "Баброўнікаў" дабрацца з Гродна ў Польшчу стала даражэй

Маршрутнае таксі "Гродна-Беласток" / ілюстрацыйнае фота hrodna.life
Маршрутнае таксі "Гродна-Беласток" / ілюстрацыйнае фота hrodna.life

Некаторыя прыватныя перавозчыкі, якія вазілі жыхароў Гродна ў Польшчу, пасля закрыцця пункта памежнага пераходу Баброўнікі-Бераставіца паднялі кошт сваіх паслуг. Месца ў маршрутцы падаражэла на 20 рублёў і цяпер каштуе 80 рублёў, піша "Ганцавіцкі час".

У адной з гродненскіх кампаній журналістам расказалі, што пасля закрыцця "Баброўнікаў" вазіць пасажыраў у Польшчу пачалі праз Літву.  "Учора выехалі першы раз у 20 вечара. Сёння ў 4 былі ў літоўцаў. А колькі яны будуць трымаць — пытанне", — расказаў прадстаўнік кампаніі-перавозчыка. Там нагадалі, што на літоўскай мяжы легкавыя аўтамабілі і маршрутныя мікрааўтобусы стаяць у агульнай чарзе, "няма падзелу, як у палякаў".

Наколькі павялічыцца час паездкі, гродзенскія перавозчыкі пакуль сказаць не могуць. Ехаць у Польшчу праз Брэст яны не гатовыя, кажуць, далёка і "там сваіх хапае".

Пункт пропуску "Баброўнікі" быў закрыты 10 лютага на рашэнне польскага боку. У Варшаве патлумачылі гэта "меркаваннямі нацыянальнай бяспекі". Пры гэтым назіральнікі адзначаюць, што рашэнне было прынятае на наступны дзень пасля прысуду палітзняволенаму польскаму актывісту Анджэю Пачобуту. Яго асудзілі на 8 гадоў пазбаўлення волі.

Пасля закрыцця "Баброўнікаў" на беларуска-польскай мяжы застаўся толькі адзін пераход пад Брэстам, дзе дзейнічаюць два асобныя пункты пропуску — для грузавога транспарту і іншых відаў транспарту. Беларускі памежны камітэт ужо заявіў пра павелічэнне чэргаў і легкавых, і грузавых аўтамабіляў на беларуска-польскай і беларуска-літоўскай мяжы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі