Пасля затрымання Дурава расійская прапаганда кінулася на абарону свабоды слова

Акцыя салідарнасці з Паўлам Дуровым у Маскве

Акцыя салідарнасці з Паўлам Дуровым у Маскве / "Новыя людзі"

Пасля затрымання ў Францыі Паўла Дурава расійская прапаганда кінулася на абарону свабоды слова. "Ліберальная дыктатура не церпіць адзіночак, якія прэтэндуюць на свабоду і гуляюць не па яе правілах", — ёміста сфармуляваў прапагандысцкі наратыў член Савета федэрацыі Аляксей Пушкоў.

МЗС РФ расказвае, што зробіць усё для абароны расійскага грамадзяніна, які трапіў у бяду за мяжой. Амбасада Расіі ў Францыі запытала консульскі доступ да Паўла Дурава — і абвінаваціла французскія ўлады ва "ўхіленні ад узаемадзеяння".

Пасты аб Дураве апублікавалі ўладальнік "Х" Ілан Маск і журналіст Такер Карлсан. Выказаўся нават экс-прэзідэнт РФ Дзмітрый Мядзведзеў:

"Для ўсіх нашых агульных цяпер ворагаў ён рускі — і таму непрадказальны і небяспечны. Іншай крыві. Дакладна не Маск і не Цукерберг (дарэчы, які актыўна супрацоўнічае з ФБР). Дураву трэба, нарэшце, зразумець, што Айчыну, як і часы, не выбіраюць..."

Расійская партыя "Новыя людзі" тым часам правяла акцыю ў падтрымку Паўла Дурава ля амбасады Францыі ў Маскве. Палітыкі і актывісты ў брэндаваным адзенні расклалі ля будынка папяровыя самалёцікі — сімвалы тэлеграма. З іх дапамогай у Расіі пратэставалі ў 2018 годзе, калі ўлады спрабавалі заблакіраваць месенджар.

Расійскі журналіст Андрэй Мядзведзеў звяртае ўвагу на непрыемную для Крамля акалічнасць затрымання Паўла Дурава. Паводле яго слоў, тэлеграм — "гэта галоўны мэсанджар цяперашняй вайны". Праз яго праходзіць велізарная колькасць камунікацыі паміж расійскімі вайскоўцамі, у тым ліку і кіраванне войскамі.

І Мядзведзеву, і іншым прапагандыстам вельмі не падабаецца, што месенджар можа апынуцца пад большым кантролем заходніх спецслужбаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі