Пасол Латвіі: Далейшае супрацоўніцтва з ЕС залежыць ад самой Беларусі

Па словах пасла Латвіі ў Беларусі Міхаілса Папкоўса, саміт Усходняга партнёрства, які праходзіў 21-22 траўня ў Рызе, адпачатку пазіцыянаваўся, як працоўны саміт, ад якога не варта чакаць рэвалюцыйных рашэнняў. Такую заяву дыпламат зрабіў на канферэнцыі “Мінск пасля Рыгі”, які праходзіць зараз ў сталіцы Беларусі.

Папкоўс: “Мы спрабавалі пазбегнуць канфрантацыі на саміце, улічваючы той факт, што ні праграма Усходняга партнёрства, ні Еўрапейская праграма добрасуседства не накіраваныя супраць любых трэціх краін. Пры гэтым саміт павінен быў прадэманстраваць адзінства Еўрасаюза ў абароне тэрытарыяльнай цэласнасці краін-партнёраў і нашых агульных еўрапейскіх каштоўнасцяў. Зразумела, што рашэнне гэтых задач запатрабавала пошукаў кампрамісаў. Але мы лічым, што гэтыя задачы збольшага выкананыя. Хоць праз розныя прычыны не ўсе дакументы, якія былі ў рабоце, былі падрыхтаваныя да падпісання на саміце Усходняга партнёрства”.

Пасол падзякаваў беларускаму боку за пазіцыю па недапушчэнні канфрантацыі як паміж краінамі-партнёрамі і ЕС, так і паміж усімі ўдзельнікамі саміту Усходняга партнёрства з аднаго боку і Расіяй з другога. Мелася на ўвазе пазіцыя афіцыйнага Мінска па выніковай дэкларацыі саміту, а дакладней па словах наконт “анэксіі Крыма”.

Нягледзячы на тое, што Дамова аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж ЕС і Беларуссю на саміце не былі падпісаныя, пасол Латвіі выказаў надзею на развіццё нашых узаемаадносінаў.

Папкоўс: “Далейшае развіццё супрацоўніцтва з ЕС — у руках самой Беларусі. Мы адкрытыя і гатовыя да супрацоўніцтва, якое базуецца на ўзаемным разуменні, пры гэтым не адступаючы ад еўрапейскіх каштоўнасцяў. Важнай часткай нашага дыялогу застаюцца выкананне правоў чалавека і ўлады закона”.

Фота — naviny.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі