Патрыярх Кірыл: Беларускі народ адзначаны “божай харызмай” (відэа)

Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл лічыць, што беларускі народ адзначаны “нейкай асаблівай божай харызмай, спакоем, цярплівасцю, якая не з’яўляецца слабасцю, здольнасцю слухаць і разумець”. Такія заявы ён зрабіў пасля сённяшняй літургіі ў брэсцкім Свята-Уваскрасенскім саборы.

“Я пераканаўся сёння, што на заходняй мяжы святой Русі існуе духоўная цвярдыня – праваслаўная царква Брэста”, — заявіў кіраўнік РПЦ.

Падчас літургіі патрыярху саслужылі архіпастыры з епархій Расіі, Беларусі, Украіны і Польшчы. Набажэнства сабрала каля 7 тысяч вернікаў. Храм не мог змясціць усіх, хто прыйшоў на службу, і многія вернікі стаялі ля сабора, дзе былі ўсталяваныя экраны, на якіх транслявалася набажэнства.

Мітрапаліт Кірыл падараваў Уваскрасенскаму сабору старадаўні абраз з дванаццаццю святамі. Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, патрыяршы экзарх усяе Беларусі, і епіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан атрымалі ў дар ад патрыярха памятныя крыжы з панагіяй, вырабленыя ў гонар 1000-годдзя з дня смерці святога князя Уладзіміра.

Кіраўнік РПЦ прыбыў у Беларусь учора, 20 чэрвеня. Ён сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам, ачоліў служэнне ютрані ў Свята-Духавым кафедральным саборы ў Мінску, а таксама прыняў удзел у адкрыцці Духоўна-адукацыйнага цэнтра Беларускай праваслаўнай царквы, пасля чаго накіраваўся ў Брэст.
 
Гэтай ноччу мітрапаліт Кірыл правядзе памінальную ліцію па воінах-вызваліцелях у Мікалаеўскім гарнізонным саборы Брэсцкай крэпасці, а таксама прыме ўдзел у жалобным мітынгу-рэквіеме, які адбудзецца 22 чэрвеня ў 4 раніцы — у час пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў 1941 годзе, перадае БелаПАН.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі