Патрыярх Кірыл заклікаў беларускія ўлады вырашаць праблемы без сілавога спосабу
Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл звярнуўся да беларускіх уладаў з заклікам мірна вырашаць праблемы ў грамадстве. Гэты зварот прагучаў у яго калядным інтэрв'ю тэлеканалу "Россия-1".
Патрыярх згадаў падзеі ва Украіне і заявіў: яе досвед павінен навучыць усіх, што пераўтварэнні ў грамадстве мусяць праходзіць без нарастання ўнутранай напружанасці і радыкалізацыі адносін паміж людзьмі. Па яго словах, ніхто, нідзе і ніколі не дасягаў міру, спакою і дабрабыту пры дапамозе гвалту. Таму да лепшага заўсёды варта імкнуцца без рэвалюцыяў.
"Таму наш заклік да Беларусі /.../ — усе пытанні трэба вырашаць мірна. Але калі пытанні існуюць, іх трэба вырашаць, і гэта ўжо зварот і да беларускіх уладаў. Нельга адкладаць тое, што выклікае нязгоду і напружанне ў грамадстве. Патрэбныя інструменты разумнага, дзелавога абмеркавання праблем з выхадам на канкрэтныя рашэнні", — заявіў патрыярх.
Таксама ён выказаў пажаданне, каб у Беларусі спыніліся спробы сілавога развязання праблем і стаў бы развівацца дыялог паміж уладай і народам, уладай і грамадствам, з удзелам усіх сіл, уключаючы прадстаўнікоў рэлігійных супольнасцяў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.